Вольга Васільеўна Казлова (1925–2009) – Заслужаны работнік вышэйшай школы, узнагароджана трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, медалямі; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускай літаратуры БДУ (1973 – 1984). Больш за 60 гадоў свайго жыцця яна аддала філалагічнаму факультэту БДУ.
З нагоды 100-гадовага юбілею Вольгі Казловай студэнты і выкладчыкі кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства арганізавалі круглы стал, які адбыўся 21 мая 2025 г. Яны з удзячасцю згадалі асобу і плён шаноўнай Вольгі Васільеўны, паглядзелі і абмеркавалі дакументальны фільм “Вольга Казлова. Шляхамі Беларусі” (2006). Кінастужка была створана з удзелам Вольгі Васільеўны, па сцэнарыі старшага выкладчыка кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ Таццяны Бельскай (Каваленка), а тэкст ад аўтара ў фільме па-мастацку агучаны дацэнтам Уладзімірам Навумовічам. Дэманстраваліся таксама кадры з вучэбнага фільма пра Івана Шамякіна, знятага пры ўдзеле дацэнта Ніны Рашэтнікавай. Гутарку з пісьменнікам і членамі яго філалагічнай сям’і вяла сама Вольга Васільеўна ў кватэры Шамякіных.
Моц характару Вольгі Васільеўны Казловай, яе шчырасць і абаяльнасць раскрыліся ва ўспамінах, падмацаваных кадрамі кінахронікі, словамі блізкіх, густоўным музычным фонам. Аповед з экрана самой Вольгі Казловай пра дзяцінства, пра горкі вопыт ваенных часоў, далучанасць да спраў бацькі – Героя Савецкага Саюза Васіля Казлова, а затым шлях ад маладой аспіранткі і выкладчыцы да майстра сваёй справы, даследчыцы прозы Якуба Коласа і іншых нацыянальных класікаў, акунуў прысутных у гісторыю факультэта і ўсёй нашай Беларусі. Успамінамі пра Вольгу Васільеўну падзяліліся прафесар Людміла Сінькова, якая абараніла кандыдацкую дысертацыю пад кіраўніцтвам Вольгі Васільеўны; дацэнт Лада Алейнік, якая сустрэлася са знакамітым педагогам напрыканцы 1990-х гадоў. Цёплую атмасферу ўдзячнасці Вользе Казловай, грамадскаму дзеячу і знакавай асобе ў беларускай філалогіі, падтрымала загадчык кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Марозава.
Прысутныя яшчэ раз упэўніліся, што кіна- і фотаархіў Вольгі Казловай – каштоўная крыніца ведаў па гісторыі нашага факультэта.











BY

