4 чэрвеня 2025 года ў рамках вучэбнай дысцыпліны «Фалькларыстыка» для замежных студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «руская філалогія» прайшлі дзве экскурсіі ў вучэбна-навуковую лабараторыю беларускага фальклору БДУ. Дадзеныя мерапрыемствы былі арганізаваны з мэтай падрыхтоўкі да правядзення фальклорнай практыкі 2024 – 2025 навучальнага года.
Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка расказала аб метадах збору і сістэматызацыі матэрыялаў, працэсе папаўнення Фонду фальклорных матэрыялаў, яго ролі ў захаванні, вывучэнні і папулярызацыі культурнай спадчыны беларусаў. Замежныя студэнты атрымалі ўяўленне аб структуры Фонду лабараторыі, пазнаёміліся з калекцыяй рукапісных матэрыялаў рэгіянальнага і жанравага архіваў, а таксама з унікальнымі аўдыя -, відэа- і фотадакуменамі, якія дазваляюць прасачыць развіццё фальклорных традыцый беларусаў і служаць каштоўнымі крыніцамі для навуковых даследаванняў.
Акрамя знаёмства з Фондам лабараторыі, Вера Дзянісенка асаблівую ўвагу надала знаёмству ўдзельнікаў экскурсіі з каляднымі традыцыямі беларусаў. Госці прымяралі калядныя маскі – яркія атрыбуты гэтага абраду, што дапамагло ім адчуць атмасферу свята, зразумець яго сімволіку і ролю ў жыцці беларускага народа.
Падчас экскурсіі замежныя студэнты атрымалі ўнікальную магчымасць убачыць драўляную прыгажуню філалагічнага факультэта – батлейку «Казачны куфар». Вера Дзянісенка пазнаёміла навучэнцаў з гісторыяй узнікнення гэтага віду народнага тэатра і яго жанравымі асаблівасцямі. Студэнты ўбачылі лялечных персанажаў «Казачнага куфара», а таксама прынялі ўдзел у абмеркаванні асаблівасцей сцэнічнай пастаноўкі.
Цікавасць замежных студэнтаў да батлейкі выклікана не толькі знаёмствам як з яркім элементам культуры беларусаў, але і разуменнем яе як важнага сродку захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і міжкультурнай камунікацыі. Батлейка выступае як універсальная мова народнай творчасці: праз візуальныя вобразы, лялечных персанажаў і сюжэтныя лініі яна дапамагае зразумець асаблівасці светапогляду беларусаў. Для замежных студэнтаў гэта асабліва важна – пастаноўкі батлейкі дазваляюць ім пагрузіцца ў нацыянальную культуру Беларусі, зразумець спецыфіку народнага тэатра, яго сімволіку і асаблівасці яе мастацкага выказвання.
Экскурсія ў лабараторыю беларускага фальклору стала каштоўным міжкультурным вопытам для замежных студэнтаў: яна пашырыла іх веды аб беларускіх народных звычаях і абрадах, паказала важнасць фальклору як жывой крыніцы нацыянальнай культуры. Наведванне даследчага асяроддзя дазволіла ім убачыць сучасныя падыходы да вывучэння фальклору – ад збору матэрыялаў да іх сістэматызацыі з дапамогай новых сучасных інфармацыйных тэхналогій. Такі вопыт дазволіў навучэнцам зразумець важнасць міждысцыплінарнага падыходу да вывучэння фальклору.
Такім чынам, экскурсіі замежных студэнтаў у вучэбна-навуковую лабараторыю беларускага фальклору БДУ сталі не толькі адукацыйным мерапрыемствам па вывучэнні фальклору, але і важным этапам іх культурнай адаптацыі.






BY

