Сэрвісы

Прэзентацыя першага тома Збору твораў І.Шамякіна

Адкрываючы сустрэчу, дэкан філалагічнага факультэта прафесар І.С.Роўда прыгадаў, што яго знаёмства з кнігамі І.Шамякіна  адбылося яшчэ ў дзяцінстве, і творчасць пісьменніка стала для яго своеасаблівым жыццёвым крытэрыем пэўнага гістарычнага маштабу і значнасці.

Дачка пісьменніка, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры прафесар Т.І.Шамякіна, прадстаўляючы студэнцкай аўдыторыі вядомых даследчыкаў творчасці І.Шамякіна, яго блізкіх і сяброў, адзначыла, што сучасны перыяд літаратурнага развіцця не адмаўляе лепшых мастацкіх дасягненняў папярэдніх гадоў (такім дасягненнем з"яўляецца творчасць І.Шамякіна), а ўзнімае літаратурнае жыццё на новую ступень арганічнага і заканамернага росту. Сведчаннем гэтаму і значная падзея ў жыцці культурнай грамадскасці рэспублікі - выданне Збору твораў І.Шамякіна.

Галоўны рэдактар выдання і аўтар прадмовы акадэмік У.В.Гніламёдаў у сваім выступленні падкрэсліў сэнсавую значнасць назвы свайго уступнага слова да выдання - "пісьменнік дзвюх эпох". На яго думку, пісьменнік І.Шамякін належыць некалькім эпохам - мінулай і сённяшняй , бо яго творы заўсёды адлюстроўвалі новыя зрухі ў грамадстве і свядомасці людзей, служылі апорнымі пунктамі ў пошуках самых плённых літаратурных шляхоў.

Аб вялікай даследчай працы, якая вялася над укладаннем і выданнем першага тома Збору твораў І.Шамякіна, расказалі член-карэспандэнт АН Беларусі М.І.Мушынскі, загадчык аддзела тэксталогіі Інстытута мовы і літаратуры Т.С.Голуб, малодшая дачка пісьменніка, а таксама аўтар навуковых каментарыяў да першага тома А.І.Шамякіна.

Галоўны рэдактар часопіса "Полымя" М.М.Мятліцкі прыгадаў гады шчырага сяброўства з І.Шамякіным, час, калі адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, сумесныя паездкі з пісьменнікам на радзіму, яго шчыры клопат і хваляванні пра людзей, якія засталіся на забруджанай тэрыторыі. Жыццё, нагадаў М.М.Мятліцкі, ўваходзіла ў мастацкія творы І.Шамякіна ў яго рэальным абліччы, асэнсоўвалася з пазіцый новага часу і само ўплывала на мастацкасць твораў пісьменніка.

Даследчык творчасці І.Шамякіна, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры А.І.Бельскі падкрэсліў значнасць выдання Збору твораў пісьменніка, запатрабаванасць яго спадчыны на сучасным этапе літаратурнага развіцця.

У завяршэнні сустрэчы намеснік дэкана па вучэбна-метадычнай рабоце дацэнт М.М.Хмяльніцкі ад імя студэнтаў і ўсіх прысутных падзякаваў за цікавую і змястоўную гаворку і выказаў спадзяванне, што вядомыя навукоўцы і літаратуразнаўцы стануць частымі гасцямі на філалагічным факультэце.

Image

Рэсурсы

Image
Image