Сэрвісы

«КАЛЯ КАЛЯДАЎ», АБО КАЛЕЙДАСКОП КАЛЯДНЫХ ТРАДЫЦЫЙ У НОВЫМ ФАРМАЦЕ

«КАЛЯ КАЛЯДАЎ», АБО КАЛЕЙДАСКОП КАЛЯДНЫХ ТРАДЫЦЫЙ У НОВЫМ ФАРМАЦЕ

24 снежня 2025 года філалагічны факультэт БДУ ўпершыню адсвяткаваў Каляды ў вучэбным корпусе па вул. Даўгабродская! Гэта падзея стала асаблівым момантам у гісторыі факультэта: традыцыя, якая нарадзілася дзевяць гадоў таму ў сценах вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства БДУ, атрымала новае дыханне і новае месца.

Запрошанымі гасцямі сталі дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Важнік, намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве Таццяна Мальцэвіч, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Мікалай Хмяльніцкі, загадчыкі кафедрамі, выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты філалагічнага факультэта, навучэнцы ДУА «Ліцэй ім. Ф.Э. Дзяржынскага БДУ», ДУА «Гімназія №14 г. Мінска», а таксама ДУА «Сярэдняя школа №153 А.К. Талая г. Мінска».

Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка, супрацоўнікі лабараторыі Анастасія Сцельмашук і Ганна Іванова і навучэнец ДУА «Гімназія №14 г. Мінска» Аляксей Дзянісенка падрыхтавалі фальклорна-мастацкую праграму «Каляднае кола» – жывы аповед пра традыцыі святкавання Каляд, народную кухню і сімволіку калядных масак.

Акрамя таго, госці «Каля Калядаў» сталі актыўнымі ўдзельнікамі флэшмобу «Спяваем разам!» Старшы выкладчык кафедры прыкладной лінгвістыкі Марына Дубень распавяла пра сакрэты выканання беларускай традыцыйнай песні, развучыла калядку разам з прысутнымі і зрабіла кожнага ўдзельніка часткай вялікага хору. Такім чынам, флэшмоб стаў не проста забавай, а спосабам яднання і адраджэння традыцый, калі студэнты, выкладчыкі і госці разам стварылі сапраўдны калейдаскоп радасных эмоцый і гукаў, дзе голас кожнага становіцца часткай агульнага гуку.

Атмасферу самабытнага святкавання Каляд узнавілі запрошаныя госці з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва – фальклорны гурт «Этнасуполка». Прысутныя атрымалі магчымасць убачыць святочную праграму «Палескія Каляды» і далучыцца да некаторых традыцыйных беларускіх песень і забаў.

Самым захапляльным і чароўным момантам мерапрыемства стала пастаноўка беларускіх народных казак з Фонду вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору ў батлейцы «Казачны куфар».

Першую казку «Коцік, пеўнік і лісіца» прадставіў гледачам творчы калектыў замежных студэнтаў 2 курса спецыяльнасці «руская філалогія» – Дурдыева Анабібі, Гутымава Манзура, Шатлыкава Айджан, Умідава Нурана, Аўлякуліеў Арслан, Гелдзіева Джэнет, Аразкулыева Айнур, Тараева Гунча, Галандарава Марал.

Кульмінацыяй мерапрыемства стала імправізацыйная пастаноўка другой казкі «Казка пра ката», якая была прапанавана для развучвання навучэнцам ДУА «Ліцэй ім. Ф.Э. Дзяржынскага БДУ» і ДУА «Гімназія №14 г. Мінска» ў самым пачатку майстар-класа «Каля Калядаў».

Завяршыла праграму трэцяя казка «Як воўк хацеў стаць святым», якую прадставіў творчы калектыў супрацоўнікаў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору, а таксама студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «беларуская філалогія» і студэнтаў 4 курса спецыяльнасці «руская філалогія». Аляксей Дубоўскі, Раман Марукін, Дар’я Іванова, Ганна Іванова, Таццяна Агіевіч, Артур Манкевіч і Аліна Каспяровіч стварылі непаўторную атмасферу і змаглі перадаць філасофскую глыбіню сюжэта казкі. А гумар і мудрасць народнага слова, пераасэнсаваныя праз сучаснае бачанне, зрабілі іх выступленне яркім і запамінальным.

Калядныя традыцыі паказалі, што гэта не застылая форма, а дыялог пакаленняў, дзе мінулае сустракаецца з сучаснасцю, каб разам будаваць будучыню. Такім чынам, штогадовая тэматычная серыя майстар-класаў «Каля Калядаў» і батлейка «Казачны куфар» сталі ўнікальным творчым праектам філалагічнага факультэта і з’яўляюцца прыкладам таго, як сямейная гісторыя становіцца часткай грамадства.

Каляды-4__копия.jpgКаляды-1__копия.jpgКаляды-2__копия.jpgКаляды-3__копия.jpg

В_середине-разместить__копия.jpg

kld20261.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image