Сэрвісы

1 МАЯ – 95 ГОД З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ПРАФЕСАРА АЛЕГА АНТОНАВІЧА ЛОЙКІ

1 МАЯ – 95 ГОД З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ПРАФЕСАРА АЛЕГА АНТОНАВІЧА ЛОЙКІ

Алег Антонавіч Лойка – знакаміты беларускі паэт, літаратуразнавец, крытык, перакладчык, дзіцячы пісьменнік, педагог. Доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971), член-карэспандэнт НАН Беларусі (1989), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1990), прэміі імя У. І. Пічэты (2003).

Алег Антонавіч Лойка нарадзіўся 1 мая 1931 года ў горадзе Слоніме ў сям’і фельчара. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1948) паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў з адзнакай у 1953 годзе. У 1953–1956 гг. быў аспірантам кафедры беларускай літаратуры БДУ. Кандыдацкую дысертацыю абараніў 29 мая 1956 года, пасля чаго з 1 жніўня 1956 года пачаў працаваць на гэтай кафедры. З 1962 года – дацэнт, з 1971 года – прафесар, з 1985 года – загадчык кафедры беларускай літаратуры, у 1993–1999 гг. – загадчык кафедры беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. З 1991 па 1996 год займаў пасаду дэкана філалагічнага факультэта БДУ.

Не стала Алега Антонавіча 19 лістапада 2008 года. Пахаваны ў Слоніме.

Алег Антонавіч Лойка – бліскучы лектар і таленавіты педагог. На філалагічным факультэце ён чытаў вучэбныя курсы па гісторыі беларускай літаратуры XIX – пачатку ХХ ст., старабеларускай літаратуры, краязнаўстве, уводзінах у літаратуразнаўства, сучаснай літаратуры Беларусі, а таксама спецкурсы і вёў спецсемінар па паэзіі.

На працягу 25 гадоў (1964–1989) Алег Антонавіч кіраваў універсітэцкім літаратурным аб’яднаннем «Узлёт». За гэты час ён выхаваў многіх таленавітых паэтаў і пісьменнікаў.

Прафесар А. А. Лойка – аўтар больш як 500 прац, у тым ліку 100 кніг. Ён выдаў шэраг кніг па літаратуразнаўстве і крытыцы: «Адам Міцкевіч і беларуская літаратура» (1959), «“Новая зямля” Якуба Коласа: вытокі, веліч, хараство» (1961), «Максім Багдановіч» (1966), «Сустрэчы з днём сённяшнім» (1968), «Паэзія і час» (1981) і інш. Таксама з’яўляецца аўтарам падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, сярод якіх «Гісторыя беларускай літаратуры: дакастрычніцкі перыяд» (2-е выд., 1989), «Старабеларуская літаратура» (2001), «Роўнакутны трохвугольнік, або Ад Палямона да Максіма Танка: дапаможнік па спецкурсе «Беларуска-руска-польскія літаратурныя сувязі» (2003) і інш.

Алег Антонавіч Лойка быў старшынёй савета па абароне дысертацый у БДУ Д 02.01.12, уваходзіў у склад савета па абароне дысертацый пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Ён падрыхтаваў шэраг дактароў і кандыдатаў навук, выступаў у якасці апанента на абароне дысертацый. Акрамя таго, быў членам рэдакцыйных калегій часопісаў «Веснік БДУ» (серыя IV), «Беларусь», «Спадчына», «Першацвет», навуковым кансультантам часопіса «Роднае слова».

Аўтар шматлікіх арыгінальных зборнікаў паэзіі і шэрагу кніг для дзяцей. Першы паэтычны зборнік «На юначым шляху» пабачыў свет у 1959 годзе. Выдаў кнігі выбраных вершаў «Калі ў дарозе ты…» (1971), «Скрыжалі» (1981), «Пралескі ў акопах» (1987), а таксама «Выбраныя творы» ў 2 тамах (1992) і інш. Аўтар раманаў-эсэ пра Янку Купалу (1982) і Францыска Скарыну (1989), якія выйшлі ў папулярнай серыі «ЖЗЛ», а таксама празаічных твораў – аповесцей «Скарына на Градчанах» (1990), «Кельты не ўміраюць» (1998).

Як перакладчык выдаў зборнікі паэзіі П. Верлена «У месяцавым ззянні» (1974), І. В. Гётэ «Спатканне і ростань» (1981), Ф. Шылера «Улада песняспеву» (1997), а таксама з’яўляецца перакладчыкам і ўкладальнікам двухтомнай анталогіі польскай паэзіі «Напярэймы: ад Буга да Варты» (2003) і анталогіі нямецкай класічнай рамантычнай паэзіі ХІХ стагоддзя «Маланкай жагнаныя» (2004).

Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, нагрудным знакам «Заслужаны перад польскай культурай», Срэбным знакам ГДР (за пераклад паэзіі Гётэ) і інш.

Жыццю і творчасці А. А. Лойкі прысвечаны манаграфія Г. Д. Сіненкі «Насуперак канону» (1997), раздзел у акадэмічнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.» (2003, т. 4, кн. 2), шматлікія артыкулы, якія ўвайшлі ў кнігу А. Лойкі «Дрэва жыцця» (2004), калектыўны зборнік «Чалавек з сонечнаю ўсмешкай» (2019), навуковы зборнік «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: матэрыялы ХІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі» (2021).

Кафедра тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства

ph300420261298379287392873.jpeg

ph300420261927382730812.JPG

ph30042026912739827398273.jpg

ph30042026912789792873.jpg

ph300420269827398789273.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image