Сэрвісы

Прафесар І.В. Казакова: «Захаванне спадчыны продкаў – ключ да выхавання годнага пакалення»

Прафесар І.В. Казакова: «Захаванне спадчыны продкаў –  ключ да выхавання годнага пакалення»

Старшыня Пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар Ірына Валер’еўна Казакова прыняла ўдзел у культурна-асветніцкім мерапрыемстве «Спадчына бацькоў: ад кашулі да натхнення». Гэта падзея адбылася ў рамках Рэспубліканскага праекта «Трэці – Бацькаў» партыі «Белая Русь» і была прымеркавана да Тыдня бацькоўскай любові, а таксама да святкавання Дня бацькі. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў грамадскасці, дзеячаў культуры, педагогаў і актывістаў, а таксама шматдзетныя сем’і, дзяцей і бацькоў, кіраўнікоў і актывістаў партыі «Белая Русь», аб’яднаных агульнай мэтай – падкрэсліць значнасць сямейных каштоўнасцей і культурнай спадчыны ў сучасным беларускім грамадстве.

У сваім выступленні І.В. Казакова асабліва падкрэсліла важнасць захавання і развіцця сямейных традыцый у кантэксце беларускай народнай культуры. Яна адзначыла, што традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, з’яўляюцца не толькі фундаментам сямейнага выхавання, але і найважнейшым элементам нацыянальнай ідэнтычнасці. Па словах прафесара, менавіта ў сям’і закладаюцца асновы павагі да роднай мовы, звычаяў і абрадаў, што асабліва актуальна ва ўмовах глабалізацыі і імклівага змянення сучаснага свету. Ірына Валер’еўна акцэнтавала ўвагу на тым, што захаванне і перадача сямейных традыцый, народнай абрадавай культуры і вуснай народнай творчасці спрыяе ўмацаванню сувязі паміж пакаленнямі і фарміраванню пачуцця гонару за сваю краіну.

Выступленне старшыні ПА БСЖ БДУ выклікала жывы водгук у прысутных. Мерапрыемства мела ўрачысты характер. На ім гучалі віншаванні і словы падзякі ў адрас сем’яў, бацькоў і дзяцей. Асаблівая ўвага была ўдзелена ролі бацькі ў выхаванні дзяцей і ўмацаванні сямейных каштоўнасцей. Бацькі шматдзетных сем’яў выступалі перад прысутнымі, дзяліліся сваім вопытам выхавання дзяцей, расказвалі пра традыцыі, якія аб’ядноўваюць пакаленні, і пра важнасць асабістага прыкладу ў сям’і. Гучалі словы пра павагу да бацькоў, адказнасць, любоў і ўзаемападтрымку.

Кіраўніцтва партыі «Белая Русь» выказала шчырую падзяку І.В. Казаковай за актыўны ўдзел у такім значным і святочным праекце, які накіраваны на ўмацаванне аўтарытэту сям’і ў грамадстве і папулярызацыю традыцыйных маральных арыенціраў. Арганізатары адзначылі, што ўклад прафесара І.В. Казаковай у развіццё культурна-асветніцкіх ініцыятыў высока цэніцца і служыць прыкладам для калег і студэнтаў.

Мерапрыемства праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы ў сталічным «Прэзідэнт-атэлі», у зале «Нацыяналь». Атмасфера свята і адзінства спрыяла адкрытаму дыялогу і абмену думкамі. Удзельнікі сышліся ў думцы, што падобныя сустрэчы не толькі захоўваюць культурную памяць, але і фарміруюць устойлівыя маральныя каштоўнасці, неабходныя для гарманічнага развіцця асобы і грамадства ў цэлым.

Удзел прафесара І.В. Казаковай у праекце «Трэці – Бацькаў» стаў важным крокам у справе папулярызацыі сямейных традыцый і ўмацавання статусу бацькоўства ў Беларусі. Падобныя ініцыятывы дэманструюць, што захаванне спадчыны продкаў – ад традыцыйнай кашулі да духоўнага натхнення – застаецца ключавой умовай для выхавання годнага маладога пакалення і росквіту беларускага народа.

12

Image

Рэсурсы

Image
Image