Сэрвісы

«Філалагічны разам з „Маладосцю“»: дыялог пакаленняў і пошук новага слова

«Філалагічны разам з „Маладосцю“»: дыялог пакаленняў і пошук новага слова

28 кастрычніка на філалагічным факультэце БДУ адбылася сустрэча, якая сабрала разам тых, хто стварае сучасную беларускую літаратуру, і тых, хто робіць у ёй першыя крокі. Мерапрыемства «Філалагічны разам з „Маладосцю“» стала жывой размовай пра лёс друкаванага слова і месца маладога аўтара ў сучасным літаратурным працэсе.

Асаблівы статус сустрэчы надаў удзел міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Аляксандравіча Жука. У 1992 годзе Дзмітрый Аляксандравіч скончыў філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «выкладчык беларускай і рускай мовы і літаратуры». Яго бацька – вядомы беларускі пісьменнік Алесь Жук, які ўзначальваў выдавецтва «Мастацкая літаратура» і працаваў у часопісах «Маладосць» і «Полымя». Сам Дзмітрый Аляксандравіч, перш чым узначаліць Міністэрства інфармацыі, прайшоў шлях ад настаўніка ў мінскай гімназіі № 199 да кіраўніка прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні БелТА і галоўнага рэдактара вядучага друкаванага выдання краіны – газеты «СБ. Беларусь сегодня».

У сваім выступленні міністр акрэсліў галоўны вектар працы ведамства – пераход да лічбавых тэхналогій. «Лічба выходзіць на першыя пазіцыі», – падкрэсліў Д.А. Жук, адзначыўшы, што ў моладзі ўсё часцей няма «вінтажных» сродкаў камунікацыі – газеты, тэлевізара і радыё, – а асноўная частка інфармацыйнага жыцця пераходзіць у смартфоны і інтэрнэт. Аднак, гаворачы пра кнігавыданне, ён выказаў занепакоенасць лёсам літаратурных часопісаў: «Вельмі не хочацца страціць часопісы “Маладосць” і “Полымя”, каб яны сталі толькі гісторыяй». Міністр заклікаў да нестандартных рашэнняў і абнаўлення падыходаў да распаўсюджвання літаратуры, удасканалення кнігавыдавецкай справы, праяўлення жывой цікавасці да роднай беларускай мовы.

У прывітальным слове на мерапрыемстве дэкан філалагічнага факультэта С.А. Важнік адзначыў, што 9-ы нумар часопіса «Маладосць» стаў сапраўдным падарункам філалагічнаму факультэту, сімвалічным жэстам прызнання сувязі часопіса з універсітэтам. Сяргей Аляксандравіч падкрэсліў, што філалогія – гэта не проста навука ці прафесія, а асаблівы тып мыслення. «Беларусь – радзіма паэтаў», – працытаваў ён класіка, адзначыўшы, што факультэт ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія знайшлі сябе ў літаратуры. Дэкан звярнуў увагу на тое, што менавіта на філфаку закладаецца фундамент, з якога пачынаецца шлях будучага пісьменніка, і выказаў надзею, што традыцыі літаратурнага настаўніцтва, закладзеныя яго вялікімі выпускнікамі факультэта, будуць захаваны.

Цэнтральнай тэмай абмеркавання стала супрацоўніцтва часопіса «Маладосць» з філалагічным факультэтам БДУ. Ад рэдакцыі выступілі рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Вольга Станіславаўна Рацэвіч, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Іванавіч Чарота, рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць» Яўгенія Віктараўна Пракапчук, рэдактар аддзела крытыкі і публіцыстыкі Паліна Анатольеўна Лабкоўская. Гаворка ішла пра праблемы выдання літаратурна-мастацкіх часопісаў і ролю друкаванага слова ў эпоху электронных сродкаў масавай інфармацыі.

Асаблівую цеплыню сустрэчы надала прысутнасць студэнтаў філфака, чые творы былі апублікаваны ў дзявятым нумары «Маладосці». Для многіх з іх публікацыя стала своеасаблівым «баявым хрышчэннем» у вялікую літаратуру.

Д.А. Жук абмеркаваў са студэнтамі актуальныя і вострыя пытанні: ці варта літаратару весці сацыяльныя сеткі, як не страціць сябе ў гонцы за папулярнасцю і ці ёсць будучыня ў літаратурных часопісаў, калі ўсе тэксты даступныя анлайн. Прадстаўнікі рэдакцыі, са свайго боку, запэўнілі, што «Маладосць» была і застаецца той пляцоўкай, дзе малады аўтар можа быць пачуты, а канструктыўная крытыка дапаможа яму вызначыць сваё месца ў літаратурным працэсе.

Сустрэча атрымалася шчырай і нефармальнай, што цалкам адпавядае назве мерапрыемства. Яна яшчэ раз даказала: нягледзячы на лічбавыя выклікі, жывы дыялог паміж пакаленнямі літаратараў застаецца неад’емнай часткай беларускага культурнага працэсу. І, магчыма, менавіта з такіх размоў нараджаюцца новыя імёны, якія хутка з’явяцца на старонках любімых часопісаў.

2810200026p2.jpg

2810200026p1.jpg

 

Image

Рэсурсы

Image
Image