27.10.2026 у рамках выхавання культуры побыту і вольнага часу старшы выкладчык кафедры германскага мовазнаўства Г.І. Зур наведала з замежнымі студэнтамі IV курса спецыяльнасці «Рамана-германская (англійская) філалогія», якія вывучаюць нямецкую мову як другую замежную, «Музей ката» і музей-галерэю «Катавасія».
Ва ўнікальнай экспазіцыі арт-галерэі «Катавасія» (больш за 8000 экспанатаў са 110 краін свету) сабраны творы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, прадметы побыту і інтэр’еру, прысвечаныя катам. Калекцыю адрознівае шырыня прадстаўленых тэхнік і матэрыялаў, наяўнасць прац сусветна вядомых майстроў (адзіны ў сваім родзе «аркестр катоў» японскага скульптара Такасі Масакі).
Займальную экскурсію правяла сузаснавальніца мінскай арт-галерэі Лізавета Супрунюк, жонка стваральніка праекта Васіля Супрунюка. Студэнты даведаліся пра гісторыю стварэння калекцыі, найбольш значныя экспанаты, канцэпцыю прасторы, з цікавасцю праслухалі мелодыі вінтажных музычных шкатулак, а як філолагі звярнулі асаблівую ўвагу на калекцыю мініяцюрных кніг. Студэнты ўпершыню пачулі пра дзейнасць цэнтра дапамогі жывёлам «Стары кот», створанага ўладальнікамі галерэі, і пра тую высакародную і нялёгкую працу, якая вядзецца там для выратавання жывёл, якія трапілі ў бяду, а таксама пагутарылі з галоўнымі пухнатымі супрацоўнікамі і захавальнікамі экспазіцыі – катамі Яшам, Негра і Пака.
У «Музеі ката» студэнты пазнаёміліся з лёсамі жывёл, якія знаходзяцца пад апекай музея, даведаліся пра іх звычкі і характары, а таксама пакінулі на памяць уласныя малюнкі, папоўніўшы калекцыю малюнкаў наведвальнікаў музея.
Мерапрыемства праводзілася з мэтай фарміравання ў студэнтаў культуры штодзённага вольнага часу і побытавай эстэтыкі праз знаёмства з экспазіцыяй, якая аб’ядноўвае творы мастацтва і прадметы побыту, прысвечаныя катам, а таксама інфармавання пра існаванне тых, каму можна дапамагчы, развіцця ў студэнтаў спачування і гатоўнасці прыйсці на дапамогу.










BY

