22 лютага па ініцыятыве кафедры замежнай літаратуры на філалагічным факультэце адбылася сустрэча з нямецкім пісьменнікам і журналістам Міхаэлем Кумпфмюлерам (Michael Kumpfmüller). Аўтар прыехаў у Мінск па запрашэнні Інстытута імя Гётэ і прэзентаваў свой новы раман “Пекнасць жыцця” (Die Herrlichkeit des Lebens, 2011) – мастацкае асэнсаванне апошняга года Франца Кафкі.
Міхаэль Кумпфмюлер сцісла паведаў пра сваю творчую дзейнасць, задумы і планы, а таксама акрэсліў асноўныя праблемы, што хвалююць яго як журналіста і вучонага (вайна, рэлігія і інш.). У 1995 годзе ён абараніў дысертацыю “Сталінградская бітва: метамарфозы нямецкага міфа” (Die Schlachtvon Stalingrad– Metamorphosen eines deutschen Mythos, Мюнхен).
Аўтар распавёў гісторыю стварэння новага рамана, растлумачыў сваю задуму. Адной з галоўных мэт было падаць асобу Франца Кафкі не выключна ў трагічным аспекце, як самотніка і пакутніка, але паказаць, што нават у самых цяжкіх абставінах (прагрэсуючая хвароба, выключна складаны фінансавы стан на фоне гіперінфляцыі і эканамічнага крызісу) ён здольны быў адчуць «пекнасць жыцця», прыгажосць свету. Асобны акцэнт Міхаэль Кумпфмюлер робіць на ролі Доры Дыямант у жыцці Кафкі. У яго інтэрпрэтацыі гэта мужная і самаахвярная жанчына, анёл-ахоўнік пісьменніка, які здолеў захаваць веру ў лепшае менавіта дзякуючы яе падтрымцы. Такім чынам, Міхаэль Кумпфмюлер палемізуе са шматлікімі даследчыкамі творчасці Кафкі, якія прэзентуюць яе ў негатыўным святле (Дора спаліла чарнавікі пісьменніка, што знаходзіліся ў яе).
Пісьменнік адказаў на пытанні прысутных на прэзентацыі выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама агучыў абраныя фрагменты твора. Па наступнай спасылцы можна прагледзець відэа, дзе ён зачытвае ўрывак з рамана, прапанаваны падчас сустрэчы:
http://www.youtube.com/watch?v=sLJW-7b9QoM
На сённяшні момант тэкст не перакладзены на беларускую і рускую мовы, аднак кніга ў хуткім часе будзе даступна ў бібліятэцы Інстытута імя Гётэ.
{gallery}2012-03-06{/gallery}


BY 
