Вось ужо шэсць гадоў студэнты БДУ знаёмыя з цудоўнай традыцыяй правядзення агульнаўніверсітэцкага Капусніка. На працягу шасці гадоў самыя лепшыя каманды першакуснікаў БДУ радуюць гледачоў сваімі талентамі і абараняюць гонар свайго роднага факультэта.
Тыдзень мінуў з таго моманта, як сталі вядомыя вынікі Капусніка-2012. Адгучалі словы віншаванняў, улегліся эмоцыі… Для гэтага спатрэбілася нямала часу, і гэта не дзіўна: у 2012 годзе адбылася нечаканая, на думку як ўдзельнікаў, так і арганізатараў, падзея.
23 лістапада Кубак Рэктара перайшоў у рукі студэнтаў ФІЛАЛАГІЧНАГА ФАКУЛЬТЭТА!
За першае месца спаборнічалі сямнаццаць каманд. І кожная знайшла арыгінальны спосаб выклікаць усмешкі і смех гледачоў. Студэнты з ІБМТ прадэманстравалі, што, на іх погляд, адбываецца… у пекле. Біялагічны факультэт распавёў, як трэба правільна знаёміцца з дзяўчатамі і весела праводзіць вольны час. Ваенныя ў гэтым годзе дынамічнымі танцамі даказалі, што яны, як заўсёды, у добрай фізічнай форме. Журналістаў гледачы пазналі праз крэатыўнае інтра-відэа, а гісторыкі нават заснавалі новую музычную прэмію – “Залаты Абламейка” – і запрасілі на сцэну першых намінантаў, сярод якіх былі Жанна Д’Арк, Кутузаў з Напалеонам, а таксама наш сучаснік – Барак Абама.
Прызёрамі Капусніка-2012 сталі таксама студэнты гістарычнага факультэта і факультэта радыёфізікі і камп’ютэрных тэхналогій.
Каманда факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій звярнулася па дапамогу да сапраўдных герояў, якія неаднаразова ратавалі свет і, як высветлілася падчас выступлення, філфак (але гэта – ш-ш-шш, нікому не кажыце! – асабістае). Брус Уіліс, Арнольд Шварцэнэгер і Чак Норыс спрабавалі пераканаць усіх, што РФіКТ – факультэт, аб якім немажліва не марыць. Калі ж глядзець на колькасць “рафікаў” у зале і іх жаданне падтрымаць “сваіх”, можна падумаць, што яны маюць рацыю.
А на першым месцы – наша 13 славянская група. Нягледзячы на тое, што на факультэцкіх Візітоўках яны занялі 2-е месца, дзяўчаты і хлопцы “зарабілі” мажлівасць прадстаўляць філфак на Капусніку-2012. Беларускамоўнае выступленне, у якім гаворка ішла пра нялёгкі лёс хлопцаў на філфаку ва ўмовах “матрыярхату”, не пакінула абыякавымі ні гледачоў, ні журы. Увогуле святочная атмасфера Капусніка надоўга застанецца ў сэрцах як удзельнікаў, так і гледачоў.
Віншуем нашых славян і факультэт з перамогай!
{gallery}2012-12-06{/gallery}


BY 
