Сэрвісы

Конкурс прамоўніцкага майстэрства сярод кітайскіх навучэнцаў

23 лістапада 2013 адбыўся конкурс прамоўніцкага майстэрства сярод кітайскіх навучэнцаў, арганізаваны Аддзелам па справах адукацыі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Мерапрыемства праходзіла на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Па запрашэнні Аддзела ганаровым госцем конкурсу стаў дэкан філалагічнага факультэта прафесар Роўда І.С., у склад журы ўвайшла дацэнт кафедры прыкладной лінгвістыкі Саўчук Т.М.

У прамоўніцкім мастацтве на рускай мове спаборнічалі 15 кітайскіх навучэнцаў з чатырох мінскіх ВНУ: Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Конкурс праводзіўся ў дзвюх групах - малодшай (сярод студэнтаў 1-3 курсаў) і старэйшай (сярод студэнтаў 4-5 курсаў, магістрантаў, аспірантаў).

Філалагічны факультэт у малодшай групе прадстаўлялі студэнты 3-га курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Бай Юй і Сун Сюэдань; ў старэйшай групе - студэнтка 4-га курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Білікэ Саймэйці, магістрантка Лі Чэньфэй, аспірантка Ван Цзін.

Конкурсная праграма складалася з дзвюх частак: першая - падрыхтаванае публічнае выступленне на зададзеную тэму, а таксама адказ на пытанне па тэме ад старшыні журы; другая - экспромтное выказванне на незнаёмую тэму.

Пры ацэнцы выступленняў ўлічваліся наступныя крытэрыі: 1) змястоўнасць (паўната раскрыцця тэмы, логіка выкладу); 2) граматычная правільнасць (трыманне моўных нормаў), 3) невербальныя паводзіны (валоданне жэстамі, мімікай, эмацыйнае ўздзеянне на аўдыторыю); 4) тэхніка маўлення (інтанацыя, якасць дыкцыі, выразнасць артыкуляцыі), 5) вобразнасць (выкарыстанне сродкаў «упрыгожвання» гаворкі - афарызмаў, прыказак, крылатых выразаў, метафар, параўнанняў і інш.).

Усе ўдзельнікі годна вытрымалі гэтыя нялёгкія выпрабаванні. Нягледзячы на хваляванне, яны здолелі паказаць выдатнае валоданне рускай мовай, змаглі пераадолець яе фанетычныя цяжкасці, прадэманстравалі ўменне кантактаваць з аўдыторыяй, а таксама свае акцёрскія здольнасці. Так што ў журы была няпростая задача - выбраць лепшых з лепшых.

Самым годным, па меркаванню журы, былі прысуджаны дыпломы 1-й, 2-й і 3-й ступені. Сярод пераможцаў конкурсу - Білікэ Саймэйці , якая была ўдастоена 1-й прэміі ў старэйшай групе. Падчас конкурсу Білікэ пакарыла членаў журы не толькі граматычна правільным, вобразным маўленнемна рускай мове, але і самастойнасцю мыслення, а таксама шчырасцю і абаяннем. Гэтыя якасці не засталіся незаўважанымі і для Ганаровых гасцей конкурсу: дэкан філалагічнага факультэта БДУ Роўда І.С. і рэктар МДЛУ БаранаваН.П. уручылі Білікэ спецыяльныя прызы, заснаваныя кіраўніцтвам дзвюх ВНУ.

Усім удзельнікам конкурсу, акрамя дыпломаў, былі ўручаны памятныя і каштоўныя падарункі. Прыемнай нечаканасцю для канкурсантаў стаў прыз ад МДЛУ - калектыўная паездка ў Белавежскую пушчу ў снежні гэтага года.

Віншуем з перамогай Білікэ Саймэйці!

Дзякуем за годны ўдзел у конкурсе ўсіх прадстаўнікоў філалагічнага факультэта: Бай Юй, Сун Сюэдань, Лі Чэньфэй, Ван Цзін!

Вынікі конкурсу паказалі, што філалагічны факультэт з'яўляецца добрай базай для атрымання замежнымі навучэнцамі якаснай адукацыі на рускай мове.

{gallery}2013-11-26_2{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image