Сэрвісы

Тыдзень беларускай мовы

21 лютага адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня беларускай мовы. З вітальнымі словамі выступілі прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях У.В. Сувораў, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуковай рабоце П.І. Навойчык, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы прафесар М.Р. Прыгодзіч.

Перад студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта выступілі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык А.І. Вярцінскі, ансамбль акардэаністаў СШ № 71 г. Мінска.

У літаратурна-музычнай кампазіцыі І наша мова – з-пад крыла душы…” былі адлюстраваны гістарычныя і лёсавызначальныя этапы развіцця беларускай мовы, роля беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў у яе станаўленні, замежныя студэнты прачыталі вершы вядомых нацыянальных пісьменнікаў, прысвечаныя іх родным мовам, праінсцэніраваны ўрыўкі з твораў мастацкай літаратуры, выкананы песні на вершы вядомых беларускіх паэтаў.

24 лютага адбылася відэасустрэча з выкладчыкамі кафедры беларускага мовазнаўства факультэта беларускай філалогіі і культуры Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, а таксама з выкладчыкамі філалагічнага факультэта БДУ і супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Падчас відэаканферэнцыі прайшла прэзентацыя найноўшых мовазнаўчых і лексікаграфічных выданняў і дыялог паміж выкладчыкамі і студэнтамі БДУ, ВДУ і НАН Беларусі.

25 лютага ў інтэлектуальна-пазнавальнай гульні “Філалогія і Я” прынялі ўдзел студэнты 1 курсаў спецыяльнасцей “Беларуская філалогія” і “Славянская філалогія”. Адбыліся рэкламны, вітальны, паэтычны, граматычны, песенны і іншыя конкурсы, якія прадэманстравалі высокі крэатыўны патэнцыял першакурснікаў.

26 лютага ў межах “Тыдня роднай мовы” адзначаўся Дзень беларускай філалогіі. Адбылася сустрэча з вядомымі навукоўцамі ў новай галіне беларускай філалогіі – этналінгвістыкі. Тэма навуковай дыскусіі – “Мова і духоўная культура народа: этналінгвістычны эцюд”.

Перад студэнтамі і выкладчыкамі філфака выступілі: М.П. Антропаў– кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”; А.М. Боганева– навуковы супрацоўнік сектара этналінгвістыкі і фальклору ДНУ “Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”; А.Л. Садоўская– кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сучасна беларускай мовы БДУ.

{gallery}2014-02-25_1{/gallery}

 

 

Image

Рэсурсы

Image
Image