Сэрвісы

Міжнародныя навуковыя чытанні “Старонкі гераічнай гісторыі Беларусі ў помніках літаратуры 16 стагоддзя”

13 мая на філалагічным факультэце БДУ адбыліся Міжнародныя навуковыя чытанні пад назвай “Старонкі гераічнай гісторыі Беларусі ў помніках літаратуры 16 стагоддзя”, арганізаваныя па ініцыятыве кафедры гісторыі беларускай літаратуры. У межах гэтых чытанняў прыгадваліся славутыя падзеі старажытнай гісторыі Беларусі, перадусім – Ульская (Чашніцкая) бітва, якая адбылася 26 студзеня 1564 г. недалёка ад мястэчка Іванск Чашніцкага раёна. Такім чынам, чытанні былі прымеркаваныя да 450-годдзя гэтай падзеі.

Да ўдзелу ў чытаннях былі запрошаны шматлікія госці: настаўнік вышэйшай катэгорыі Іванскай сярэдняй школы і адначасова кіраўнік школьнага краязнаўчага музея Віктар Грыбко; доктар філалогіі, дырэктар Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (Вільнюс) Сігітас Нарбутас, доктар філалогіі, загадчыца аддзела рэдкіх кніг Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх Дайва Нарбуцене, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Андрэй Янушкевіч. Вяла чытанні дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры, доктар філалагічных навук Ж. В. Некрашэвіч-Кароткая, з прывітальным словам выступілі намеснік дэкана філалагічнага факультэта П. І. Навойчык, загадчыца кафедры гісторыі беларускай літаратуры Т. П. Казакова. Акрамя гасцей, з дакладамі выступілі дац. Ж. В. Некрашэвіч-Кароткая, дац. У. Г. Кароткі, студэнткі трэцяга курса аддзялення беларускай філалогіі Марыя Ліпніцкая і Галіна Шымко. Студэнты філалагічнага факультэта чыталі таксама фрагменты з гераічнай паэмы “Радзівіліяда” Яна Радвана, у якой апісвалася Ульская бітва, прычым не толькі ў перакладзе на беларускую мову, але нават у арыгінале, па-лацінску, а таксама ў перакладзе на літоўскую мову.

На наступны дзень удзельнікі чытанняў наведалі Іванскую сярэднюю школу, педагогі і навучэнцы якой падрыхтавалі для гасцей святочны канцэрт-прэзентацыю. Намеснік дэкана філалагічнага факультэта П. І. Навойчык выступіў з профарыентацыйнай лекцыяй у мэтах азнаямлення з асноўнымі накірункамі і перспектывамі дзейнасці філалагічнага факультэта БДУ. Адбылася экскурсія па краязнаўчым школьным музеі, выезд на месца, дзе адбылася Ульская бітва. Чашніцкі ксёндз Анджэй Бульчак адслужыў імшу на ўшанаванне памяці ўсіх загінуўшых на палях пад Іванскам.

{gallery}2014-05-27{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image