Серж Мінскевіч, крэатыўны паэт і перакладчык, кандыдат навук, дактарант і супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 6 снежня завітаў да будучых спецыялістаў па рускай філалогіі з 4 курса філалагічнага факультэта БДУ – у тыя сцены, з якіх калісьці выйшаў выпускніком. Вядома, што любы прадмет лепш вывучаецца з ілюстрацыямі, і Серж артыстычна праілюстраваў сваёй асобай і вершамі вірлівую гісторыю беларускай літаратуры 1990-х – 2010-х гг. Аўтар кнігі “Я з Бум-Бам-Літа” (2008), Серж прыгадаў першыя крокі і працяг гэтага літаратурнага руху. Паэт расшыфраваў паняткі
“Бум” і “Бам”, праспяваў пад сваю бардаўскую гітару зухаватыя песенькі і гімн знакамітай суполкі беларускіх авангардыстаў, прачытаў з кніжкі “Менскія / Мінскія санеты” (2002) вершы з адсылкай да Адама Міцкевіча, расказаў пра лёсы “слупоў” Бум-Бам-Літа. На імпрэзе студэнты пазнаёмілся таксама з кнігамі Сержа Мінскевіча “Праз ГалеРею. Транслёгічныя творы” (1994), “Сад замкнёных гор” (з калекцыі беларускай фантастыкі), з яскрава ілюстраванымі і вельмі дасціпнымі кніжкамі для дзяцей: казкамі “Чароўная крыніца, ці як навучыць дракона чысціць зубы”, “Вялікія прыгоды Какоса Маракоса”. Чыталіся вершы і Алеся Туровіча, таксама былога філфакаўца і “транслагіста”, з Туровічавай кнігі “Корпус. Вершы, проза” (1998). Прагучалі і цакам сур’ёзныя санеты Сержа. Сустрэча была арганізавана супрацоўнікамі кафедры гісторыі беларускай літаратуры; яна была прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Лейтматывам імпрэзы быў заклік да творчасці: з часам усё мінае, але шчырая творчасць застаецца!



BY

