11 кастрычніка, у 12.00, на філалагічным факультэце БДУ адбылося адкрыццё выставы "Абразы Мацi Боскай i духоўныя кнiгi", выстава прысвечана хрысціянскаму святу Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Дню маці.
Выстава будзе працаваць да 21 кастрычніка, па адрасе: К. Маркса, 31, кабінет - музей беларускай народнай культуры, аўд. 215.
На выставе прадстаўлены праваслаўныя абразы з Багародзічнай іканаграфіі. Цэнтральнае месца экспазіцыі займаюць абразы "Пакроў Прасвятой Багародзіцы", іх розныя варыянты. Прадстаўлена духоўная літаратура: Біблія, перакладзеная Францыскам Скарынам, у трох тамах, рэдкае выданне "Зямное жыццё Прасвятой Багародзіцы і апісанне святых цудатворных яе абразоў", кнігі, прысвечаныя сакрамэнту шлюбу (на Пакроў маліліся Багародзіцы аб шчаслівым шлюбе), праваслаўны Малітваслоў, апісанні жыцця святых, кнігі аб святынях зямлі беларускай.
Падчас адкрыцця выставы прафесар Ірына Казакова распавяла пра значэнне свята Пакрова ў хрысціянскай і народнай традыцыі, аб цудатворных іконах Прасвятой Багародзіцы, аб ролі жанчыны - маці ў беларускай традыцыйнай культуры.