Сэрвісы

Круглы стол “Беларуская мова і грамадства”

20 лютага Саветам маладых вучоных філалагічнага факультэта быў праведзены круглы стол “Беларуская мова і грамадства”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. У ім узялі ўдзел людзі, якія актыўна займаюцца папулярызацыяй беларускай мовы і культуры.

Намеснік дэкана філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт П.І. Навойчык урачыста адкрыў сустрэчу. З вітальным словам выступіла старшыня Савета маладых вучоных, кандыдат філалагічных навук В.У. Зуева. Мадэратарам круглага стала была аспірантка кафедры беларускай літаратуры і культуры,член Савета маладых вучоных І.Ч. Часнок.

Дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Г.І. Басава, доктар філалагічных навук, прафесар  Л.Д. Сінькова, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта В.У. Барысенка прэзентавалі вучэбна-метадычны дапаможнік “Слова – тэкст – камунікацыя”. Кніга з электронным дадаткам багатая на лінгвакультуралагічны і моўны матэрыял і будзе карыснай не толькі для замежнікаў, якія вывучаюць беларускую мову, але і для рускамоўных беларусаў, беларусаў-білінгваў.

Г.І. Басава адзначыла, што дапаможнік “Слова – тэкст – камунікацыя” дазваляе прэзентаваць краіну ў іншакультурным полі, распавяла пра электронны дадатак да кнігі. На дыску змешчаны агучаныя студэнтамі Інстытута журналістыкі Вікторыяй Пяткевіч (прысутнічала на сустрэчы) і Дзмітрыем Нікановічам тэксты, а таксама спевы ў прафесійным выкананні, фільм, які прадстаўляе Беларусь.

В.У. Барысенка расказала пра асаблівасці працы над моўнай часткай кнігі, падкрэсліла імкненне падаць беларускую мову ў дапаможніку ў сучасным яе стане, а таксама распавяла пра вопыт выкладанання мовы замежным студэнтам у МДЛУ.

Л.Д. Сінькова звярнула ўвагу на прэзентацыю беларускай культуры ў дапаможніку праз слова як знак, семіятычную адзінку. У кожным з сямі раздзелаў выдання сур’ёзныя, глыбокадумныя матэрыялы арганічна спалучаюцца з гумарам, гульнёвымі элементамі, лёгкадумнымі ілюстрацыямі, што дазваляе апеляваць да масавай аўдыторыі, да чалавека прагматычнага, сучаснага. Напрыклад, фотаздымкі знакамітых беларускіх спартсменаў суседнічаюць з тэкстам пра фільм С. Лазніцы ў Канах па аповесці В. Быкава, а ўрыўкі з тэкстаў І. Канчэўскага, І. Бабкова, вершы М. Танка, М. Стральцова, Л. Дранько-Майсюка не перашкодзілі ўключыць у кнігу матэрыял са слэнгавымі назвамі папулярных мясцін Мінска. У дапаможніку змешчаны як традыцыйна-рамантычныя тэксты, так і жартоўныя, нефармальныя, якія матывуюць сучаснага навучэнца. Навацыяй у кнізе “Слова – тэкст – камунікацыя”, па словах Л.Д. Сіньковай, з’яўляецца прынцыповае змяшчэнне акцэнтаў з акадэмічнасці на прагматызм і даступнасць.

Таццяна Сівецу сваім выступе падзялілася сакрэтамі працы ў ролі вядучай папулярнай праграмы “Дыя@блог. Пра літаратуру” на тэлеканале “Беларусь 3”. Т.М. Сівец – вядомая паэтка, перакладчыца, аўтар казак і  сцэнарыст-драматург, журналістка, галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”. Яна адзначыла істотную ролю любой асабістай ініцыятывы, выразнага  пазіцыянавання асобы для папулярызацыі беларускай мовы.

Загадчыца Літаратурнага музея Петруся Броўкі Н.А. Мізон выступіла са змястоўным дакладам і прэзентацыяй аб праектах, сацыяльных акцыях, якія ладзяцца ў музеі з мэтай прывабіць сучаснага наведвальніка. Н.А. Мізон адзначыла, што найчасцей госці музея мала знаёмыя альбо зусім не знаёмыя з тэкстамі класікаў айчыннай літаратуры. Задача экскурсавода – зацікавіць патэнцыйнага чытача, заахвоціць яго адгарнуць кнігу пасля наведвання музея.

Гасцямі сустрэчы за круглым сталом былі таксама стваральнікі і супрацоўнікі  Цэнтра славянскіх моў і культур,выпускнікі філалагічнага факультэта  Сяргей Самахвал і Ірына Зімнева, намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць”,выпускніца філалагічнага факультэта Тома Сарачынская, рэдактар аддзела сацыяльных праектаў часопіса “Бярозка” Кацярына Захарэвіч.

Кожны выступ выклікаў у суразмоўцаў шчырую зацікаўленасць, пытанні і актыўнае абмеркаванне.

Падчас правядзення сустрэчы былі абмеркаваны найбольш дзейсныя шляхі пашырэння беларускай мовы сярод рускамоўнай часткі грамадства.

{gallery}2015-02-24_1{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image