Сэрвісы

Прэзентацыя Збору твораў Івана Шамякіна ў 23-х тамах

5 сакавіка 2015 г. на філалагічным факультэце БДУ адбылася прэзентацыя Збору твораў Івана Шамякіна ў 23-х тамах. Гэта першае адразу пасля выхаду ўсіх тамоў шырокае прадстаўленне Збору твораў народнага пісьменніка Беларусі. Сімвалічна, што яно адбылося на філалагічным факультэце, дзе студэнты глыбока зацікаўлены творчасцю І. Шамякіна. На прэзентацыі прысутнічалі студэнты 3–5-х курсаў аддзяленняў беларускай і рускай філалогіі.

У імпрэзе ўдзельнічалі ўсе тыя, хто рыхтаваў да друку ўнікальнае выданне, бо гэта першы навукова каментаваны Збор твораў І.Шамякіна. Папярэдні Збор твораў выходзіў усяго толькі ў 8 тамах у канцы 1990-х гадоў. 

Выступілі: намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуцы дацэнт П.І. Навойчык, які паказаў значэнне творчасці І.Шамякіна для беларускай культуры; член-карэспандэнт НАН Беларусі, вядомы тэкстолаг, літаратуразнаўца М.І.Мушынскі, які з’яўляўся куратарам усяго праекту, яго распрацоўшчыкам; супрацоўнікі аддзелу тэксталогіі Цэнтру  даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларуси Т.С. Голуб, А.А. Васілевіч і інш. Выступоўцы падзяліліся вопытам тэксталагічнай працы над Зборам твораў, што студэнты ўспрынялі як карысную вучобу для сябе. Доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры В.П.Рагойша расказаў пра сваё знаёмства і шматгадовае сяброўства з І.Шамякіным.

У падрыхтоўцы Збору твораў удзельнічала і дачка пісьменніка, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры Т.І. Шамякіна. Яна рыхтавала пасляслоўі да шасці тамоў. На імпрэзе яна прадставіла фотаздымкі з сямейнага архіву і цікава іх каментавала. У канцы выступіў галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, знакаміты паэт В.А. Шніп, які паведаміў пра падрыхтоўку Збору твораў непасрэдна да друку. Прачытаў ён і кранальны верш, прысвечаны І.Шамякіну. Даклад пра творчасць пісьменніка зрабіў дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры, рэцэнзент васьмі тамоў Збору твораў У.А.Навумовіч. Ён жа вёў імпрэзу.

Бібліятэка філалагічнага факультэта падрыхтавала цікавую выставу ўсіх выданняў І.Шамякіна. Выстава будзе працаваць на абанеменце на працягу двух тыдняў. Сардэчна запрашаем!

Прэзентацыя першага ў гісторыі найбольш поўнага і навукова-масавага Збору твораў І.Шамякіна – важная падзея ў культурным жыцці рэспублікі.

{gallery}2015-03-06{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.