14 мая адбыліся Навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці аднаго са старэйшых выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Заслужанага настаўніка вышэйшай школы Рэспублікі Беларусь В.В. Казловай, 90-гадовы юбілей якой адбудзецца сёлета 25 мая.
На мерапрыемстве прагучалі светлыя прачулыя ўспаміны калег, вучняў і сяброў Вольгі Васільеўны: з прывітальным словам выступіў намеснік дэкана, дацэнт М.М. Хмяльніцкі, многія цікавыя факты пра эпоху і асобу Вольгі Васільеўны прыгадалі яе калегі з кафедры беларускай літаратуры і культуры – прафесар Л.Д. Сінькова, дацэнт У.А. Навумовіч, старшыя выкладчыкі Л.У. Карпава і Т.В. Бельская, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры, прафесар Т.І. Шамякіна, якая з’яўлялася вядучай гэтых чытанняў.
Вольга Васільеўна Казлова была выдатным выкладчыкам і чалавекам – жыццялюбівым, мудрым, надзеленым лепшымі чалавечымі якасцямі. Прадстаўніца пакалення, якое перажыло Вялікую Айчынную вайну, дачка знакамітага ў рэспубліцы чалавека, нягледзячы на тое, што першапачаткова паступіла ў нафтавы інстытут, яна звязала свой жыццёвы шлях з філалогіяй і больш за 60 гадоў свайго жыцця прысвяціла філалагічнаму факультэту БДУ. Яе навуковым кіраўніком быў М.Р. Ларчанка, пры якім філфак пачаў функцыянаваць у 1943 годзе на станцыі Сходня пад Масквой. З тых далёкіх часоў лёс В.В. Казловай і быў звязаны з філалагічным факультэтам. Менавіта пры Вользе Васільеўне, калі яна займала пасаду загадчыка кафедры беларускай літаратуры, гэта кафедра была перадавой як у БДУ, так і сярод кафедр іншых вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі, тут працавала плеяда вядомых навукоўцаў: А.А. Лойка, Н.С. Гілевіч, С.Х. Александровіч, Д.Я. Бугаёў і іншыя, а таксама маладыя, пачынаючыя выкладчыкі – сённяшнія карыфеі філфака БДУ.
Выступоўцы асабліва цёпла ўспаміналі Вольгу Васільеўну як руплівую абаронцу нацыянальнага, чалавека, які вельмі многае зрабіў для папулярызацыі беларускай літаратуры не толькі ў рэспубліцы, але і ў свеце, клапатлівую апякунку студэнцкай моладзі.
Напрыканцы мерапрыемства быў паказаны зняты ў 2005 годзе фільм “Шляхамі Беларусі”, прысвечаны В.В. Казловай.
{gallery}2015-05-15{/gallery}


BY 
