15-17 кастрычніка 2015 г. філалагічны факультэт правёў X Міжнародную навуковую канферэнцыю "Мова і соцыум", прысвечаную 65-годдзю з дня нараджэння прафесара Л. М. Чумак. Першая канферэнцыя была праведзена больш за 20 гадоў таму па ініцыятыве прафесара Л. М.Чумак, якая на працягу 15 гадоў узначальвала кафедру прыкладной лінгвістыкі філалагічнага факультэта БДУ.
Удзельнікамі першай канферэнцыі ў 1994 г. былі 8 чалавек. Цяпер гэта прадстаўнічая міжнародная канферэнцыя, якая збірае ўдзельнікаў з многіх універсітэтаў розных краін свету. У гэтым годзе ў канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як з 20 універсітэтаў з 5 краін свету – Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстана і, вядома, з Беларусі.
Канферэнцыя працавала па наступных напрамках:
- Праблемы макра- і мікрасацыялінгвістыкі.
- Моўная сітуацыя. Моўная палітыка .
- Сацыякультурныя аспекты даследавання мовы.
- Мова. Свядомасць. Камунікацыя.
- Метафара ў мове і ў розных відах мастацтва.
- Лінгвакрыміналістыка.
- Руская і беларуская мовы ў інтэрнэт-прасторы.
- Методыка выкладання рускай мовы як замежнай.
- Дзелавая руская мова і дакументная лінгвістыка.
- Мовы для спецыяльных мэтаў.
Адкрыў канферэнцыю дэкан філалагічнага факультэта проф. І.С. Роўда, са «Словам пра прафесара Л.М. Чумак » выступіла заг. кафедры прыкладной лінгвістыкі дац. Л.Ф. Гербік . З вялікай цеплынёй аўдыторыя прыняла аповяд дачкі Л.М. Чумак – Дар'і Вячаславаўны , якая падрыхтавала прэзентацыю пра жыццё і творчасць Людмілы Мікалаеўны , аб яе захапленнях , аб жыццёвых устаноўках, аб творчых памкненнях.
На пленарным пасяджэнні выступілі вядомыя навукоўцы: праф. Н. Б. Мячкоўская (Беларусь), праф. В. Жэлязны (Польшча), член-кар. НАН РБ А. А. Лукашанец (Беларусь), праф. Л. В. Рычкова (Беларусь), дац. Л. Ф. Гербік і дац. В. Я. Елісеева (Беларусь) , праф. І. С. Скарапанава (Беларусь) , доктар У. Семяновска (Польшча) , праф. В. В. Арлова (Расія), дац. Л. В. Зіневіч і дац. В. У. Красавіна (Украіна), дац. І. Э. Фядотава (Беларусь).
Удзельнікі канференцыі працавалі ў 5 секцыях:
1. Сацыякультурныя аспекты даследавання мовы.
2. Мова. Свядомасць. Камунікацыя.
3. Метафара ў мове і ў розных відах мастацтва.
4. Мова для спецыяльных мэтаў. Дзелавая руская.
5. Методыка выкладання рускай мовы як замежнай.
Былі праведзены 2 круглыя сталы: «Руская мова як замежная ў сучасным кантэксце», «Лінгвакрыміналістыка. Лінгвістыка дыскурсу».
У дакладзе С.І. Лебядзінскага былі ўзнятыя пытанні развіцця рускай мовы як замежнай у Беларусі, а выпускнік філалагічнага факультэта БДУ Т.С. Дамброўскі распавёў пра тое, што ў Лодзінскім універсітэце, як і ў БДУ, праводзіцца актыўная прафарыентацыйная праца сярод школьнікаў – арганізуюцца Дні русістыкі ў рамках Фестывалю навукі, тэхнікі, мастацтва. Школьнікі далучаюцца да свету рускай мовы; пасля шматлікія ўдзельнікі гэтага Фестывалю становяцца студэнтамі Інстытута рускай мовы Лодзінскага ўніверсітэта.Госці з Польшчы распавялі таксама аб цікавай вучэбнай і навуковай рабоце, якая праводзіцца на базе лабараторыі дыдактыкі Інстытута рускай мовы.
Вялікая цікавасць была праяўлена і да працы Круглага стала па лінгвакрыміналістыцы, вядучым якога стаў кандыдат філалагічных навук, намеснік начальніка ДУ "Навукова-практычнага цэнтра Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь» І. Г. Дода, і да працы Круглага стала па лінгвістыцы дыскурсу, працу якога ўзначаліла праф. І.Ф Ухванава-Шмыгава. Былі разгледжаны задачы развіцця гэтых новых перспектыўных напрамкаў лінгвістыкі, якія адкрываюць перад даследчыкамі-філолагамі новыя перспектывы ў навуковай і практычнай дзейнасці.
{gallery}2015-10-27_1{/gallery}


BY 
