Сэрвісы

IV Фестываль моў на Філалагічным факультэце БДУ

IV Фестываль моў на Філалагічным факультэце БДУ
Па традыцыі ў апошнюю нядзелю сакавіка на Філалагічным факультэце БДУ прайшоў чарговы Фестываль моў, які стаў у Мінску ўжо чацвёртым па ліку. На працягу дня аматары лінгвістыкі мелі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца бліжэй з 6 з 50 моў свету, прадстаўленых на Фестывалі.
Сутнасць Фестывалю заключаецца ў прэзентацыях моў – кароткіх 45-хвілінных выступленнях, падчас якіх лектары дзеляцца са слухачамі найцікавейшымі фактамі аб мовах, пра якія яны распавядаюць. Прэзентатары расказваюць пра гісторыю моў, пра іх фанетыку, пісьменства, асаблівасці граматыкі і лексікі, пра народы, якія на іх размаўляюць, вучаць слухачоў базавым выразам, чытаюць вершы і спяваюць песні. У гэтым годзе на Фестывалі былі прадстаўленыя 46 моў: ад англійскай, французскай і іспанскай на захадзе да кітайскай, карэйскай і японскай на ўсходзе, ад шведскай, нарвежскай і фінскай на поўначы да арабскай, турэцкай і персідскай на поўдні. Аматары славянскіх моў маглі абіраць паміж славенскай, сербскай, чэшскай і шматлікімі іншымі, а ўвазе зацікаўленых непапулярнымі еўрапейскімі мовамі былі прапанаваныя мальтыйская, новагрэчаская, румынская, штучная мова эсперанта і іншыя незвычайныя мовы. Для тых жа, хто любіць глядзець на звычайнае пад новым вуглом, у праграму Фестывалю былі ўключаныя прэзентацыі рускай і беларускай моў як замежных.
Не абышлося і без навінак: выкладчыца кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Любоў Падпорынава прадставіла кашубскую мову – малую мову, на якой гавораць на поўначы Польшчы, а таксама правяла польскі размоўны клуб, дзе госці Фестывалю самага рознага ўзросту маглі папрактыкавацца ў маўленні на польскай мове. Трэцякурсніца філалагічнага факультэта Ірына Балабановіч распавяла пра старажытнарускую мову, а другакурсніца Марыя Бадзей – пра старабеларускую. Дарэчы, даведацца пра мову ВКЛ прыйшлі больш за 80 чалавек! Шмат новага прывезлі госці з Масквы: лекцыю пра сучасныя рускія дыялекты, аповед пра гэльскую мову – кельцкую мову Шатландыі, а таксама прэзентацыю мовы кумаёні, на якой размаўляюць у Гімалаях, – яе прадставіла маскоўская даследчыца Яўгенія Рэнкоўская, якая правяла сярод яго носьбітаў некалькі месяцаў.
Фестываль уключаў таксама лекцыі пра праблемы мастацкага і сінхроннага перакладу, пра камп’ютарную лінгвістыку, пра пісьменствы свету і пра звароты ў розных мовах, а таксама блок беларусістыкі і мерапрыемствы іншага фармату: госці Фестывалю маглі пазнаёміцца з легендамі старога Мінска, дазнацца, як бавіліся ў Нясвіжы ў XVIIIстагоддзі, пагуляць у гульню «Капялюш» на англійскай мове, парашаць лінгвістычныя задачы альбо паслухаць касмічную музыку, якую выконваў на незвычайным інструменце – хангу – кампазітар Іван Крыванос. А на закрыцці гледачоў чакаў музычны сюрпрыз ад дуэта «Танга Чэшырскага Ката».
У гэтым годзе гасцямі Фестывалю сталі каля 900 чалавек. Як і раней, найбольш папулярнымі прэзентацыямі аказаліся прэзентацыі іспанскай і японскай моў, якія сабралі больш за 150 чалавек кожная. Таксама ў лідары нечакана вырвалася грузінская мова, паслухаць пра якую прыйшлі больш ад 100 наведвальнікаў Фестывалю. Якія ж прэзентацыі і лекцыі атрымалі найвышэйшыя адзнакі, будзе вядома пасля апрацоўкі анкет гасцей.
Закрываючы IV Фестываль моў, ягоны заснавальнік і адзін з арганізатараў – маскоўскі лінгвіст Антон Сомін, які нарадзіўся ў Мінску, – паабяцаў у наступным годзе адсвяткаваць першы паўюбілей разнастайнымі сюрпрызамі і навінкамі. І калі ўсё будзе добра, 26 сакавіка 2017 года Філалагічны факультэт БДУ зноў расчыніць свае дзверы для ўсіх гасцей – на V Фестывалі моў.
{gallery}2016-04-05{/gallery}
Image

Рэсурсы

Image
Image