Сэрвісы

КОШЫКБОЛ – 2016

КОШЫКБОЛ – 2016
Калі б у чацвер 7 красавіка ў 17:00 старонні чалавек завітаў бы ў спартыўны комплекс БДУ, то не падумаў бы, што прысутнічае на аматрскім баскетболе. Па меншай меры ўзровень падтрымкі ні ў чым не саступаў чэмпіянату Беларусі, а нават пераўзыходзіў. Так, філфакаўскі глядач засумаваў па такіх мерапрыемствах. Папярэдні Кошыкбол праходзіў амаль 5 гадоў таму! Сёлета арганізатары змянілі фармат: традыцыйна камандзе дэкана І.С. Роўды супрацьстаяла каманда прафесара Б.Ю. Нормана, але на гэтым Кошыку аб’яднаная зборная Філфака мусіла даць бой зборнай Факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ.
У спартыўнай зале не было вольных месцаў, ні на лаўках на першым паверсе, ні на балконе на другім. Няшмат засталося відавочцаў папярэдніх Кошыкболаў, таму філфакаўцам было вельмі цікава паглядзець на сваіх выкладчыкаў, якія ў спартыўнай форме з мячом на пляцоўцы адстойваюць гонар факультэта. Багата было і гледачоў з ФФСН. Заўзятары абедзьвюх каманд годна падрыхтаваліся да гульні – прыйшлі з плакатамі і так гучна падтрымлівалі свае факультэты, што амаль не было чуваць каментатараў гульні.
На пачатку мерапрыемства перад гледачамі выступілі капітаны зборных – Іван Сямёнавіч Роўда і Юрый Генадзьевіч Чэрняк, намеснік дэкана ФФСН па рабоце з моладдзю і інфармацыйных тэхналогіях. Таксама некалькі слоў студэнтам і супрацоўнікам БДУ сказаў Аляксандр Сяргеевіч Багайчук, прадстаўнік ФК “Мінск”, які адгукнуўся на запрашэнне і прынёс памятныя прызы ўдзельнікам гульні. Затым слова ўзяў прафесар Барыс Юсцінавіч Норман, які пажадаў маладым філфакаўцам дажыць да сталых гадоў і пранесці праз усё жыццё любоў да спорту.
З першых секунд гульні было зразумела, што, нягледзячы на фармат таварыскага матчу, барацьба будзе бескампраміснай. Лік мяняўся, як на арэлях, але ж Філфак кантраляваў гульню і пайшоў на перапынак з невялікай перавагай. У перапынку ўсіх чакалі конкурсы ад ФФСН і выступ філфакаўскіх дзяўчат з творчага аб’яднання “Філмікс”. У другой палове нас чакаў напружаны працяг. У адзін з момантаў гульні ФФСН нават вырваўся наперад, але за хвіліну да канца Філфак усё ж меў перавагу ў 3 ачкі. Было адчуванне, што развязка нас чакае цікавая– так і сталася: па сюжэце ў стылі амерыканскіх фільмаў пра баскетбол ігрок зборнай ФФСН на апошняй секундзе гульні, разам з сірэнай трапляе ў кальцо трохачковым кідком. Вынік гульні – 29:29. Каманды вырашылі, што лік на табло справядлівы і адмовіліся праводзіць овертайм, таму канстатуем перамогу сяброўства.
Пасля гульні нас чакаў музычны сюрпрыз ад фіналістак Фестывалю эстрады БДУ, студэнтак філалагічнага факультэта Яны Кулік і Яны Паўлоўскай. А пасля, натуральна ж, цырымонія ўзнагароджвання і традыцыйнае фота на памяць. А лепшым гульцом быў прызнаны Павел Капанскі, выпускнік філалагічнага факультэта, былы капітан зборнай БДУ па баскетболе, а зараз ігроккаманды НБЛ BSU Stars.
Гледачы атрымалі неверагодны пазітыў, сталі відавочцамі сапраўднага шоуі выходзілі сзалы з аганьком у вачах. Усе маюць надзею, што такіх вялікіх перапынкаў больш не будзе і Кошыкбол зноў стане штогадовым мерапрыемствам.
Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.