8 красавіка 2016 г. у актавай зале філалагічнага факультэта паспяхова прайшоў традыцыйны Славянскі вечар, арганізаваны кафедрай тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства. У гэтым годзе ён быў прысвечаны 50-годдзю кафедры, якую, пачынаючы з 1966 года, ствараў прафесар Адам Яўгенавіч Супрун. Настальгічныя ноткі, якія прагучалі на вечары, былі прысвечаны яму, а таксама іншым адышоўшым кафедралам, чый унёсак у арганізацыю і дзейнасць кафедры велізарны: праф. Касоўскаму Б.І., праф. Паўленку М.А., праф. Плотнікаву Б.А., праф. Карпаву У.А., праф. Мартынаву В.У., дац. Зайцавай Н.І., дац. Гюлумянц К.М., дац. Жураўлю У.Б., выкл. Мартынюк Т.Л.
Але, канешне, і сённяшнім членам кафедры – цяперашнім і былым супрацоўнікам – былі прысвечаныя цёплыя словы пад відэашэраг даўнейшых і сучасных фотаздымкаў, якія суправаджала лірычная песня.
Свята ёсць свята, таму яго пастараліся зрабіць вясёлым. Нават выступы афііцыйных асоб – дэкана факультэта праф. І.С.Роўды і загадчыкаў кафедры розных гадоў праф. Б.Ю.Нормана і дац. Л.А.Казлоўскай – зусім не афіцыйнымі, а дасціпнымі і лёгкімі.
Ну, а калі ў канцэртную праграму ўключыліся студэнты і выкладчыкі факультэта, стала канчаткова зразумела, што нудота засталася за дзвярыма залы. Сярод гледачоў і ўдзельнікаў канцэрта на працягу ўсяго вечара панавалі смех, добрая іронія і дабрыня. Вельмі выразнымі былі выступы студэнтаў-паланістаў (2 і 4 курс), сербістаў (3 курс), славакістаў (2 курс), багемістаў (1 і 5 курсы), балгарыстаў (5 курс), студэнтаў аддзялення класічнай філалогіі (3 курс), а таксама гасцей з факультэта міжнародных адносін. Завяршала ж канцэртную праграму выступленне саміх “катэосеўцэў”, якія з іроніяй распавялі пра свой юбілей і спелі фінальную песню пра кафедру і яе заснавальніка.
Напрыканцы вечара ўсе ўдзельнікі атрымалі памятныя дыпломы і каштоўныя падарункі, якія (падарункі) пазней былі з’едзены ў якасці дэсерту.
Можна сказать, што гэта быў вечар не толькі КАТЭОСЯ, але і ўсіх тых, для каго філфак – не проста сцены і лекцыі з экзаменамі, але і нешта большае: традыцыі, дух, смак да слова і людзі.
Кафедра выказвае асаблівую падзяку калегам па факультэце – праф. Ж.В.Некрашэвіч-Кароткай, дац. В.Г.Кароткаму, дац. Я.У.Прыстаўку, дац. Д.Г. Мінкевічу, дац. І.У.Таяноўскай, ст.выкл. М.П.Гляцэвіч, якія актыўна садзейнічалі ўсталяванню на вечары атмасферы свята.
{gallery}2016-04-11_1{/gallery}


BY 
