Юбілейная «Вязынка – 2016» адбылася. Час падвесці вынікі і раскласці ўспаміны «па палічках».
Надвор’е сёлета не падвяло, і ўсе, хто баяўся дажджу, мусілі забыцца пра свае турботы. Менавіта ў Вязынцы 21 мая сонейка свяціла асабліва ярка, і нават парывісты вецер як быццам забыўся на свае свавольствы, як толькі студэнты ступілі на родную зямлю Янкі Купалы.
Урачыстая частка была традыцыйна на высокім ўзроўні. Адкрыў яе студэнцкі гімн «Нaudeamus», пасля чаго прамовіў прывітальнае слова дэкан нашага факультэта Іван Сямёнавіч Роўда. Старшыня Прэс-службы філалагічнага факультэта ў знак падзякі ўрачыста ўпрыгожыла яго галаву вянком з дзьмухаўцоў.
Падзяліўся сваімі ўспамінамі Уладзімір Георгіевіч Кароткі, які прысутнічаў на самай першай «Вязынцы» 1976 года. Следам быў выкананы першы гімн «Вязынкі»: адзначаны пячаткай часу, ён, аднак, гучыць так жа бадзера, як, хутчэй за ўсё, і ўпершыню.
Гэта «Вязынка» выдалася асаблівай яшчэ і таму, што на ёй прысутнічалі шэсць дэканаў БДУ. Дэканы філалагічнага, гістарычнага, юрыдычнага, геаграфічнага факультэтаў, факультэта міжнародных адносінаў і факультэта філасофіі і сацыяльных навук разам прачыталі верш Янкі Купалы «Спадчына», чым вельмі парадавалі студэнтаў і гасцей мерапрыемства.
Песні і танцы – неад’емная частка выступу. Тут запомніліся як беларускія студэнты, так і студэнты з Туркменістана, Карэі і Кітая. А студэнты філфака Улад Чыжыкаў і Валерыя Нешытая выканалі песню не на адной, а адразу на васьмі мовах!
Акрамя таго, у гэтым годзе нашымі гасцямі сталі навучэнцы ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Яны разнастаілі мерапрыемства паказальным рукапашным боем.
На гэтым урачыстая частка падыйшла да свайго завяршэння і ўсе традыцыйна рушылі да помніка Янку Купале для ўскладання кветак. А пасля прысутных чакала “гара Парнас”, смачная “каша ад рэктара” і, канешне, спартыўныя конкурсы. Ва ўтульнай сяброўскай абстаноўцы можна было пачуць песні пад гітару ля вогнішча.
На “Вязынцы” першакурснікі (і не толькі), напэўна завялі новыя знаёмствы і знайшлі сяброў, бо гутаркі не змаўкалі да самага вечара. Да таго ж спартыўны дух турсцяжынкі, якую на «Вязынцы» ладзіць Студэнцкі Саюз, толькі аб’яднаў студэнтаў.
Нельга было не заўважыць усмешак і прыўзнятага настрою студэнтаў, якія вярталіся з мерапрыемства. Можна з упэўненасцю сказаць, што «Вязынка – 2016» сапраўды ўдалася!
{gallery}2016-05-26{/gallery}


BY

