На філфаку з 5 лютага па 5 сакавіка прайшла дабрачынная акцыя пад дэвізам “Падарым сэрцы дзецям, пазбаўленым матчынай ласкі”. Студэнты і супрацоўнікі філфака сабралі шмат рэчаў і падарункаў для вучняў школы-інтэрната № 5, што на вуліцы Ангарскай, 38. Даведаўшыся пра патрэбы дзяцей, філфакаўцы прынеслі як прадметы першай неабходнасці – шампуні, мыла, зубныя пасты і шчоткі, так і вучэбныя дапаможнікі, сшыткі, канцтавары, не заўсёды новае, але добрае адзенне, а таксама цацкі для самых малодшых. Сярод падарункаў былі і прыемныя дробязі – дэзадаранты, дзявочая касметыка, гелі, крэмы – тое, што ёсць у кожнага падлетка 12-16 гадоў і чаго няма ў дзяцей з інтэрната. Адгукнуліся амаль усе студэнцкія групы і шмат выкладчыкаў. Супрацоўнікі кафедры класічнай філалогіі як арганізатары акцыі падрыхтавалі канцэрт і 5 сакавіка разам са студэнтамі класічнага аддзялення і ўсімі ахвотнымі далучыцца да добрай справы прыехалі ў школу-інтэрнат № 5 з падарункамі. Канцэрт быў інтэрактыўным: спевы пад гітару і танцы (танц-каманда “Made in heaven”) перамяжоўваліся конкурсамі, у якіх вельмі ахвотна бралі ўдзел дзеці. Фінальным акордам стала выступленне прафесійных музыкаў – гурта “The Champions” з салістам Нілсам – удзельнікаў Еўра-фэсту 2007. Дзеці таньчылі пад іх песні як на сцэне, так і ў зале. А напрыканцы кожны хлопчык і кожная дзяўчынка атрымалі свой асабісты падарунак (гэта акрамя таго, што шмат рэчаў было аддадзена адміністрацыі інтэрната, якая сама размяркуе іх сярод тых, каму яны патрэбныя). Атрымалася сапраўднае свята для гэтых дзетак. Дзякуй усім, хто прымаў удзел у акцыі: на філалагічным факультэце вучацца і працуюць вельмі чулыя людзі.
Bene merenti bene profuĕrit. Таму хто сее дабро, адплацяць дабром.
{gallery}serdtsa-dzetsyam{/gallery}

BY 
