Каб адчуць прыгажосць і адвечнасць антычнай паэзіі, можна неяк увечары пагартаць томік Гамера альбо Гарацыя, але каб адчуць сапраўдную асалоду ад велічных гекзаметраў ці ад кплівых ямбаў, іх абавязкова трэба пачуць на ўласныя вушы! А яшчэ лепей прачытаць іх уголас, адчуўшы сябе амаль што элінскім песняром ці дасведчаным рымскім патрыцыем. Конкурс дэкламацыі адбудзецца 15 красавіка ў 14.30 на філалагічным факультэце БДУ (вул. К. Маркса, 31, аўд. 210). Кафедра класічнай філалогіі запрашае ўсіх, хто цікавіцца антычнай паэзіяй, прыняць удзел у наступных намінацыях:
«Арыгінал»: дэкламацыя арыгінальнага антычнага паэтычнага твора на лацінскай або старажытнагрэчаскай мове;
«Літаратурны пераклад»: дэкламацыя літаратурнага перакладу антычнага паэтычнага твора на беларускай альбо рускай мове;
«Уласны пераклад»: дэкламацыя ўласнага перакладу антычнага паэтычнага твора;
«Аўтарскі тэкст»: дэкламацыя ўласнага паэтычнага твора на антычную тэматыку;
«Фрыстайл»: дэкламацыя літаратурнага паэтычнага твора на антычную тэматыку.
Рэгістрацыя ўдзельнікаў конкурсу ажыццяўляецца да 13 красавіка. Падрабязная інфармацыя аб умовах конкурсу на старонцы кафедры (graecolatini.by/admelpomenen.htm).
Арганізатары конкурсу таксама прапануюць усім зацікаўленым пазмагацца за Прыз глядацкіх сімпатый і з гэтай мэтай запісаць і запампаваць на Youtube уласны аматарскі відэаролік з запісам сваёй дэкламацыі. Пераможца будзе вызначаны журы пасля падліку набраных ролікам «лайкаў».


BY 
