26 лютага на філалагічным факультэце БДУ прайшла сустрэча са старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаем Іванавічам Чаргінцом. Сустрэчу ўступным словам пачаў дэкан філалагічнага факультэта Іван Сямёнавіч Роўда, які адзначыў, што Мікалай Іванавіч – выпускнік нашага ўніверсітэта, пісьменнік; таксама ў мінулым ён з’яўляўся начальнікам упраўлення ўнутраных спраў на транспарце Рэспублікі Беларусь; старшынёй Камітэта па сацыяльнай абароне ваеннаслужачых, ветэранаў вайны і ўшанавання памяці загінуўшых пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь; старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. На мерапрыемстве прысутнічаў прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іван Іванавіч Янушэвіч, выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта, студэнты факультэта філасофіі і сацыяльных навук, факультэта журналістыкі і факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ.
Пасля прывітальнага слова дэкана прысутным быў прадстаўлены відэафільм пра жыццё, творчую і прафесійную дзейнасць Мікалая Іванавіча. У сваім выступленні госць адзначыў: «Я тут прысутнічаю не проста як пісьменнік, як выпускнік вашага роднага ўніверсітэта, але і як прадстаўнік рэспубліканскай інфармацыйнай групы, задача якога – гаварыць з людзьмі на ўсе тэмы». Таксама распавёў пра свой творчы шлях як пісьменніка, тэматыку і праблематыку твораў і развіццё беларускага кніжнага рынка ў цэлым.
Сустрэча праходзіла ў форме дыялогу з аўдыторыяй, якую цікавілі пытанні адукацыі і выхавання моладзі, эканамічнага развіцця дзяржавы і знешняй палітыкі.



BY 
