Слухачы «Студыі юнага блогера» сумесна з рэпетытарскім цэнтрам «100 балаў» і прыватнай школай «Апельсін» (кіраўнік – настаўнік рускай мовы і літаратуры Сяргей Бародзіч) прынялі ўдзел у пасяджэнні Літаратурнага клуба на тэму «Літаратурны блог як прастора для жыцця кніг».
Пасяджэнне адбылося 21 мая 2020 года ў дыстанцыйнай форме.
Людміла Камлюк-Ярашэнка, к.ф.н., дацэнт кафедры рускай літаратуры прадставіла літаратурны блог як новае звяно ў ланцужку камунікацыі аўтара і чытача і новы фармат жыцця кнігі.
Пра тое, як жывецца вершам у сеціве, як рэагуюць чытачы на аўтарскую шчырасць, як «працуе» фэйсбучны кантэкст на імідж аўтара, – распавяла Людміла Аўдзейчык, паэт, к.ф.н., загадчык кафедры рускай літаратуры.
Таццяна Кашкан, філолаг, старшы выкладчык кафедры англійскай мовы прыродазнаўчых факультэтаў БДУ, адна з самых паспяховых кніжных блогераў Беларусі, якая «зараджае на чытанне» каля 16 тыс падпісчыкаў, падзялілася вопытам стварэння і вядзення блога.
У ходзе пасяджэння ўдзельнікі разгледзелі ўмовы і магчымасці жыцця кніг у літаратурным блогу: ролю асабістага кантэксту ў запісе, стварэнне атмасферы даверу, эмацыйныя фактары, спосабы візуалізацыі інфармацыі, актывізацыі чытача, фарміраванне фірменнага стылю блогера.
Праз абмеркаванне літаратурнага блогінгу ўдзельнікі выйшлі на досыць неадназначную тэму літаратурнага працэсу ў сеціве, суадносіны асветніцкіх і асабістых мэтаў блогераў.
Гэтая сустрэча паслужыла першым уключэннем у прастору блогінгу юных чытачоў. Каманда спікераў паспрабавала стварыць падставы на перспектыву: звярнуць увагу на віртуальнае жыццё кніг, прапанавала на канікулах паспрабаваць сябе ў якасці блогера і падрыхтавацца да новых сустрэч і майстар-класаў.


BY 
