Семінар-дыялог «Казімір Малевіч і беларускі авангард»

20 красавіка на філалагічным факультэце адбыўся семінар-дыялог «Казімір Малевіч і беларускі авангард». Гэта мерапрыемства працягвае серыю сустрэч у фармаце інтэрактыўнага дыялогу, якія ладзіць кафедра гісторыі беларускай літаратуры. Распачаў семінар мадэратар Алесь Іванавіч Бельскі, прафесар, загадчык кафедры, які адзначыў, што мастак і філосаф Казімір Малевіч сваімі ідэямі і канцэптуальным мастацтвам зрабіў вялікі ўплыў на жывапіс, графіку, дызайн, архітэктуру, літаратуру і, у прыватнасці, паэзію, адзначыў сувязь і пародненасць сусветна вядомага мастака-авангардыста з нашай беларускай зямлёй, распавёў пра фальварак Шастакі на Капыльшчыне (месціўся каля вёскі Астравок, побач з мястэчкам Грозава), дзе нарадзіўся будучы геній.

Далей выступіла Ірына Эрнстаўна Багдановіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, аўтар манаграфіі «Авангард і традыцыя». Яна расказала пра эстэтычны феномен Казіміра Малевіча, уплыў яго авангарднага мастацтва на беларускую паэзію 1920-х гг. З цікавасцю было ўспрынята паведамленне даследчыцы Ульяны Юр’еўны Верынай, доктара філалагічных навук (РФ), дацэнта, якая распавяла пра ўплыў Казіміра Малевіча на беларускі авангард канца ХХ ст. (Алесь Разанаў, Віктар Маркавец, Людміла Русава і інш.).

Ганаровым госцем семінара стаў Ігар Аляксандравіч Малевіч, сусветна вядомы вучоны-фізік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі і тэхнікі, беларускі дыпламат, пісьменнік, аўтар кнігі «Казимир Малевич. Восхождение на крест судьбы». Унучаты пляменнік знакамітага мастака падкрэсліў нацыянальна-культурную значнасць асобы Казіміра Малевіча, засяродзіў увагу на беларускіх вытоках яго творчасці, ідэях супрэматызму, спыніўся на віцебскім перыядзе дзейнасці мастака, прывёў цікавыя факты з яго жыцця і ўнікальнай спадчыны. Потым ён адказаў на пытанні ўдзельнікаў семінара. Напрыканцы прагучалі вершы Ігара Малевіча, напісаныя па-беларуску адмыслова да сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі філфака. Іх цудоўна прачытала студэнтка 3 курса Паліна Басалыга. Выступленне сваяка славутага мастака-авангардыста было яркім, феерычным, усе прысутныя засталіся пад уражаннем ад камунікавання з гэтым незвычайным чалавекам.

автопортрет

IMG 7868

IMG 7986

IMG 7983

IMG 7841

Малевич1