Сэрвісы

Круглы стол «Месца традыцыйнай мастацкай культуры ў сучасным грамадстве», прысвечаны 80-годдзю Васіля Ліцьвінкі

15 снежня 2021 года на філалагічным факультэце прайшоў круглы стол «Месца традыцыйнай мастацкай культуры ў сучасным грамадстве», прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Васіля Ліцьвінкі, выдатнага беларускага фалькларыста, выпускніка філалагічнага факультэта БДУ, загадчыка навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору на працягу 20 гадоў.

Арганізатарамі круглага стала выступілі кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору. Прайшло мерапрыемства на адукацыйным партале філалагічнага факультэта БДУ (https://eduphil.bsu.by/course/view.php?id=2235).

У працы кругалага стала ўзялі ўдзел выкладчыкі, студэнты 1 курса спецыяльнасцей «Беларуская філалогія», «Руская філалогія», «Славянская філалогія», «Класічная філалогія», «Рамана-германская філалогія», а таксама студэнты 2 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» філалагічнага факультэта БДУ.

Паколькі мерапрыемства праходзіла ў дыстанцыйным фармаце, арганізатары вырашылі не размяшчаць на старонцы круглага стала праблемны даклад па заяўленай тэме, а прапанавалі для наведвальнікаў, найперш студэнтаў, іншы напрамак працы – пазнавальна-эўрыстычны.

Былі падрыхтаваны матэрыялы па дзвюх рубрыках – мемарыяльнай і творчай. Першая рубрыка падзелена на тры тэматычныя блокі. Першы блок – «Душой адданы роднай песні: асоба і творчасць Васіля Ліцьвінкі» – распавядае пра жыццё і дзейнасць фалькларыста. Тут можна пазнаёміцца з кароткай біяграфіяй Васіля Дзмітрыевіча, з успамінамі яго жонкі Наталлі Ліцьвінка, паглядзець фотаздымкі з сям’ёй, калегамі і студэнтамі падчас адной з фальклорных экспедыцый, зафіксаваць спіс асноўных публікацый фалькларыста. Другі блок складаюць спасылкі на поўныя тэксты дзвюх артыкулаў Васіля Ліцьвінкі па традыцыйнай культуры беларусаў: «Зарыян Даленга-Хадакоўскі і Мікіта Талстой – даследчыкі фальклору і этнакультуры Чарнобыльскага краю» і «Абрадава-святочная Тураўшчына: Юр’е». Трэці блок прысвечаны дзейнасці Васіля Дзмітрыевіча ў ролі вядучага вядомай тэлеперадачы «Запрашаем на вячоркі», якая 24 гады была ў эфіры і нязменна выклікала вялікую цікавасць у гледача.

Другая рубрыка прысвечана непасрэдна тэме круглага стала. Напярэдадні мерапрыемства дацэнты кафедры В.В. Прыемка, Т.А. Марозава, Т.В. Лук’янава і С.В. Шамякіна правялі сярод студэнтаў адзначаных спецыяльнасцей конкурс эсэ на тэму «Месца традыцыйнай мастацкай культуры ў маім жыцці». Лепшыя працы былі размешчаны на адукацыйным партале для азнаямлення наведвальнікаў. Дадзеныя работы сведчаць пра тое, што традыцыйная культура нашага народа ўсё такая ж цікавая і надзённая, як і раней, нягледзячы на глабалізацыю і суцэльную камп’ютарызацыю. Менавіта ў ёй маладое пакаленне бачыць шлях далучэння да сваіх каранёў і імкнецца спатоліць сваім, родным, духоўную прагу да ідэнтычнасці, якая жыве ў кожным з беларусаў.

Вынікам мерапрыемства стала асэнсаванне ролі традыцый і фальклору ў сучасным грамадстве, абмен уражаннямі, навуковым і асабістым вопытам у справе разумення ролі традыцыйнай мастацкай культуры ў сучасным свеце.

Рисунок1

Рисунок15

Image

Рэсурсы

Image
Image