Урачыстае адкрыццё навучальнага корпуса, у якім будуць вучыцца будучыя замежныя студэнты філалагічнага факультэта, адбылося 1 верасня ў БДУ.
Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, рэктар БДУ Андрэй Кароль. Мерапрыемства прайшло таксама пры ўдзеле першага намесніка міністра адукацыі Беларусі Ірыны Старавойтавай, кіраўніка адміністрацыі Партызанскага раёна Валерыя Вараніцкага, кіраўніцтва факультэтаў і студэнтаў БДУ.
Як расказаў рэктар Андрэй Кароль, навучальны корпус пабудаваны пры падтрымцы дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і прыцягненні фінансавых сродкаў ВНУ. Філалагічны факультэт – адзін з лідараў БДУ па колькасці замежнікаў. У мінулым годзе на філалагічным факультэце навучалася 495 замежных студэнтаў.
«Гэты навучальны корпус дасць магчымасць вырашыць адну з існуючых праблем і запланаваць больш грандыёзныя мэты для далейшага развіцця адукацыйных паслуг», – падкрэсліў рэктар Андрэй Кароль.
Сяміпавярховы новы навучальны корпус вышынёй 28,94 метраў размяшчаецца ў Мінску па адрасе вул. Даўгабродская, 20. Яго плошча складае 16 тысяч квадратных метраў, дзе размешчаны 20 навучальных аўдыторый, у тым ліку чатыры лекцыйныя, і 16 лабараторый, камп'ютарныя класы, лінгафонныя кабінеты, адміністрацыйныя і гаспадарчыя памяшканні, а таксама медыцынскі блок, актавая зала, бібліятэка, сталовая на 155 месцаў і буфет на 32 месцы. Памяшканні будуць забяспечаны доступам у Інтэрнет.




BY

