Займальны палілог паміж рознымі эпохамі і культурамі працягнуўся 27.10.2023 г. на філалагічным факультэце сярод студэнтаў-першакурснікаў (спецыяльнасці "Славянская філалогія"). Арыгінальнасць задумы мерапрыемства – у асэнсаванні маральна-эстэтычных і камунікатыўна-маўленчых каштоўнасцяў скрозь прызму рытарычнай культуры Рэнесансу, услед адзначанаму сёлета 590-гадоваму юбілею Марсіліо Фічына, італьянскага мысляра і філолага, заснавальніка, кіраўніка і “душы” Фларэнтыйскай Платонаўскай Акадэміі, які знаходзіўся ля вытокаў фарміравання яго гуманітарных і філасофскіх традыцый.
Згодна з антычнымі і рэнесанснымі ідэаламі, сцвярджаліся значнасць прыгажосці вобразаў, намераў, маўлення; магчымасці чалавека ў творчай самапраяве і самаразвіцці. Звярталася асаблівая ўвага на плённасць і ўнікальнасць успрымання ідэйных і культурных тэндэнцый Рэнесансу на славянскіх землях.
У дыскусійным абмене думкамі адточваюцца здольнасць аргументаваць, прасочваць і раскрываць прычынна-выніковыя сувязі, развіваюцца крытычнае мысленне, магчымасць абапірацца на непаўторны асабісты вопыт і светаадчуванне.
У мерапрыемстве адбілася ўласцівае духу рэнесанснага часу імкненне да вышынь пазнання, творчасці, слова.


BY

