16 снежня 2023 года на кафедры замежнай літаратуры ў межах працы студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі «Нацыянальнае і ўніверсальнае ў сусветнай літаратуры», гурткоў «Нябачная калегія» і «Светлавякоўе і ўяўленне» адбыліся IІІ Шаблоўскія чытанні студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў як даніна пашаны доктару філалагічных навук прафесару Ірыне Вікенцьеўне Шаблоўскай. Мэта чытанняў – захаванне пераемнасці ў даследаванні сусветнай літаратуры, далучэнне маладога пакалення да навуковай школы І. В. Шаблоўскай, развіццё такіх літаратуразнаўчых кірункаў як кампаратывістыка, беларуская літаратура ў сусветным кантэксце, нацыянальнае і ўніверсальнае, праблема іншасці і формы яе рэалізацыі ў літаратуры. На канферэнцыі было прачытана 49 дакладаў ў 7 секцыях.
У IІІ Шаблоўскіх чытаннях прынялі ўдзел студэнты філалагічнага факультэта БДУ спецыяльнасцяў «Рамана-германская філалогія», «Усходняя філалогія», «Славянская філалогія», «Беларуская філалогія» і Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, а таксама навучэнцы Ліцэя БДУ. Удзельнікі выкарыстоўвалі разнастайныя навуковыя метады даследавання (біяграфічны, псіхалагічны, інтэрмедыяльны, структуралісцкі і інш.). Самыя актыўныя ўдзельнікі рэкамендаваныя да матэрыяльнага заахвочвання за арганізацыю канферэнцыі, мадэрацыю секцый і лепшыя даклады, а таксама ўзнагароджаныя граматамі кафедры замежнай літаратуры. Па выніках працы канферэнцыі рыхтуецца зборнік навуковых артыкулаў.
Алеся Юр’еўна Пупіна і Дар’я Міхайлаўна Лук’янава, выкладчыкі кафедры замежнай літаратуры:
«”Шаблоўскія чытанні” выклікалі станоўчыя эмоцыі не толькі ва ўдзельнікаў канферэнцыі, але і ў кіраўнікоў секцый, якія дзяліліся сваімі навуковымі пошукамі і заахвочвалі студэнтаў да бурных дыскусій. Мы, кіраўнікі секцый і выкладчыкі кафедры замежнай літаратуры, спадзяемся, што ў наступных канферэнцыях кола ўдзельнікаў, як з філалагічнага факультэта, так з іншых універсітэтаў і ліцэяў, будзе толькі пашырацца».
Альперына Анастасія, сацыяльна-педагагічны факультэт БрДУ імя А. С. Пушкіна, удзельніца анлайн-секцыі «Актуальныя праблемы вывучэння класічнай літаратуры»:
«Канферэнцыя мне спадабалася разнастайнасцю тэматыкі, шырокім дыяпазонам твораў, разгледжаных дакладчыкамі. Безумоўна, нельга не адзначыць падачу інфармацыі ад кожнага ўдзельніка, унікальнасць асобы кожнага з іх, харызматычнасць, здольнасць прыцягнуць і ўтрымаць увагу слухачоў. Мне было карысна паўдзельнічаць і даведацца шмат новага для сябе».
Брыштэн Анастасія, філалагічны факультэт БрДу імя А. С. Пушкіна, удзельніца анлайн-секцыі «Актуальныя праблемы вывучэння класічнай літаратуры»:
«Для мяне такія канферэнцыі – каштоўны досвед. Канферэнцыя дапамагла мне зірнуць на некаторыя творы з іншага боку. Спадабалася, што былі ўдзельнікі, якія выступалі на англійскай мове, гэта цудоўна дапамагае навучыцца лепш успрымаць мову на слых. Яшчэ я атрымала станоўчыя эмоцыі ад самога выступлення, здолела зразумець, у якім кірунку рухацца далей».
Святлана Тарасевіч, Ліцэй БДУ, 11 філ., удзельніца секцыі «Кампаратыўныя, структурныя і іншыя даследаванні»:
«Канферэнцыя аказалася нашмат болей цікавай і прыемнай, ніж я меркавала. Яна пераўтварылася ў сапраўдную сяброўскую размову, цягам якой я атрымала веды і задавальненне ад абмеркавання ўлюбёных тэмаў».
Дар’я Кавальская, Ліцэй БДУ, 11 філ., удзельніца секцыі «Кампаратыўныя, структурныя і іншыя даследаванні»:
«Гэтае мерапрыемства дапамагло зразумець, што навуковая дзейнасць – зусім не нудна. Мы з сяброўкай атрымалі магчымасць разам папрацаваць над сур'ёзнымі рэчамі, атрымаць задавальненне і адчуць сябе як дома. З Новым годам!».
Зенчанка Ганна, Ліцэй БДУ, 11 філ., удзельніца секцыі «Кампаратыўныя, структурныя і іншыя даследаванні»:
«Было цікава прадставіць сваю работу і пачуць даклады іншых, паўдзельнічаць у дыскусіі. Таксама мерапрыемства дапамагло нам даведацца пра розныя спецыяльнасці філалагічнага факультэта!».
Ганна Бабкова, Аліна Лаўрэнава, 2 англ., удзельніцы секцыі «Актуальныя пытаннi англiйскай літаратуры Сярэдніх вякоў і ранняга Новага часу»:
«Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў Шаблоўскіх чытаннях. Было цікава даведацца столькі новага ад нашых аднагрупнікаў. Мы гаварылі пра сімвалы сярэднявечнай літаратуры, метафары і эпітэты Шэкспіра, гістарычныя раманы Сярэднявечча і пра тое, як змяняецца нашае стаўленне да такога далёкага мінулага».
Елізавета Станкевіч, 2 курс англ., удзельніца секцыі «Актуальныя пытаннi англiйскай літаратуры Сярэдніх вякоў і ранняга Новага часу»:
«Удзел у ІІІ Шаблоўскіх чытаннях даў мне магчымасць пачуць цікавыя і змястоўныя даклады, а таксама падзяліцца сваімі даследаваннямі. Чытанні прайшлі ў форме інтэлектуальнага дыялога, які дазволіў кожнаму выказаць свой пункт гледжання. І найдалей буду рада браць удзел у падобных мерапрыемствах кафедры замежнай літаратуры».
Ганна Міхайлаўна Бутырчык, загадчык кафедры замежнай літаратуры:
«ІІІ чытанні паказалі, што тыя літаратуразнаўчыя напрамкі, у якіх працавала Ірына Вікенцьеўна Шаблоўская, развіваюцца. Сённяшнія маладыя даследчыкі актыўна выкарыстоўваць як структуралісцкія, інтэрмедыяльныя, нараталагічныя падыходы ў даследаваннях, так і цэлы спектр класічных метадаў, што рабіла дыскусіі вакол мастацкіх тэкстаў больш насычанымі, аб’ёмнымі, разнаракурснымі. Арганізацыя малафарматных секцый (да 7 дакладаў) дазваляла падрабязна спыняцца на абмеркаванні кожнага выступлення. Мы практычна выйшлі з анлайн-фармату чытанняў, захаваўшы, аднак, секцыю для дыстанцыйных удзельнікаў, што дазволіла далучыцца да чытання студэнтам Брэсцкага ўніверсітэта і тым, хто ў сілу розных прычын не змог выступіць вочна. У чытаннях удзельнічалі прадстаўнікі Ліцэя БДУ, вучні нашых вучняў, што сведчыць не толькі пра пераемнасць традыцый, але і пра тое, што на філалагічны факультет прыйдуць таленавітыя студэнты, схільныя да даследчай дзейнасці. Мне як загадчыку кафедры прыемна адзначыць, што практычна ўсе секцыі паспяхова мадэрыравалі маладыя выкладчыкі кафедры і аспіранты, многія з якіх не толькі выступілі з дакладамі, але і прыцягнулі да ўдзелу сваіх вучняў – студэнтаў малодшых курсаў. Усе ўдзельнікі адзначалі добразычлівую атмасферу, якая панавала падчас чытанняў, і высокі прафесійны ўзровень дыскусіі. Стварэнне асяроддзя, у якім максімальна раскрываюцца навуковыя здольнасці студэнтаў, у якім рэалізуецца творчы патэнцыял выкладчыкаў, – адна з галоўных стратэгічных задач развіцця кафедры замежнай літаратуры, а значыць мы працягваем...».



BY

