Сэрвісы

Методыка ў нашым жыцці: рэпартаж і роздумы аб творчай прафесійнай сустрэчы з выпускнікамі

Ад імя дэканата філалагічнага факультэта БДУ выступіў Павел Іванавіч Навойчык, які падзякаваў работнікам кафедры за наладжаную сустрэчу, бо "размова з метадыстамі, з выпускнікамі факультэта, з тымі людзьмі, якіх лёс звязаў з методыкай, – гэта, бяспрэчна, добрая нагода ўдасканаліць свае веды і ўменні па дадзенай дасцыпліне". Павел Іванавіч падзяліўся з аўдыторыяй сваімі ўспамінамі са студэнцкага жыцця на філфаке БДУ, з навучальнай паездкі ў Данецк, да педагога-наватара Шаталава, а таксама даў парады будучым настаўнікам: "Сапраўдны настаўнік павінен быць шчырым і шчодрым! Сілаю штосьці складана зрабіць, але падаць звесткі цікава – заўсёды творчая праца!"

Усіх гасцей мерапрыемства, прысвечанага Дню настаўніка, вітала Ірына Уладзіміраўна Таяноўская – загадчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, зазначыўшы, што калі ўсе мы родам з дзяцінства, дык і знаёмства з практычнай методыкай для нас пачынаецца вельмі рана – ад першых незабыўных клопатаў нашых бацькоў, выхавацелей і настаўнікаў. Ролю вядучага на мерапрыемстве выконвала дацэнт згаданай кафедры, Ірына Мікалаеўна Саматыя, якая ўклала значныя намаганні ў арганізацыю сустрэчы.

З віншаваннямі, пажаданнямі і парадамі выступіла Вольга Аляксандраўна Кузьміч загадчык кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Вольга Аляксандраўна – вельмі цікавы чалавек, які ўражвае ўсіх захопленасцю сваёй працы. Пасля невялікага аповеду з уласнага жыцця і ўспамінаў з прафесійнай дзейнасці, В. А. Кузьміч пажадала будучым настаўнікам любові і натхнення: "Любоў – гэта самае галоўнае... Задача для настаўніка палюбіць дзяцей, палюбіць іх такіх, якія яны ёсць на самай справе. Сапраўдны педагог павінен умець прабачаць дзецям і дапамагаць ім знайсці сябе ў гэтым жыцці!"

Андрэй Анатольевіч Грыгаровіч таксама звязаў сваё жыццё з методыкай. Зараз ён з'яўляецца рэдактарам часопіса "Роднае слова" (раздзела "Методыка і вопыт"), і ўсе тыя веды, якія атрымаў падчас метадычнай навучальнай падрыхтоўкі, актыўна выкарыстоўвае ў сваёй прафесійнай дзейнасці.

Таццяна Уладзіміраўна Логінава загадчык аддзела метадычнага забеспячэння гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, аўтар многіх метадычных дапаможнікаў. Яна таксама з'яўляецца выпускніцай філалагічнага факультэта БДУ, пэўны час працавала ў школе і ведае, як бывае цяжка пабудаваць урок. Зараз Таццяна Уладзіміраўна займаецца падрыхтоўкай метадычнай літаратуры для педагогаў. Усё гэта робіцца для таго, каб "далей настаўнікам было прасцей працаваць у школе і выкладаць той ці іншы прадмет". Т. У. Логінава дала параду ўсім будучым настаўнікам з захапленнем вывучаць методыку, бо "наколькі мы будзем ведаць методыку, настолькі лягчэй нам будзе працаваць..."

Методыка выкладання беларускай мовы і літаратуры адыграла значную ролю ў жыцці многіх людзей, якія так ці інакш звязалі сваю прафесійную дзейнасць з гэтай дысцыплінай. Ларыса Уладзіміраўна Сагановіч, выпускніца філалагічнага факультэта БДУ, працуе зараз рэдактарам аддзела лінгвістычнай адукацыі часопіса "Роднае слова", мінулагодняя выпускніца згаданага факультэта, Надзея Бышка, пачала працу рэдактарам літаратурнага аддзела часопіса "Роднае слова". Людміла Іванаўна Рублеўская паэт і журналіст, працуе ў газеце "Беларусь сёння" і мае ў сваёй творчасці шэраг вершаў, знітаваных з тэмай беларускага асветніцтва, а Уладзімір Уладзіміравіч Фалалееў з'яўляецца намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Народная асвета".

Аспірантка Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь па тэорыі і методыцы выкладання беларускай мовы", Вольга Мягчыла, таксама вучылася на філалагічным факультэце БДУ, працавала ў школе, а потым паступіла ў аспірантуру. Вольга Іванаўна з захапленнем расказала пра педагагічную практыку ў школе, пра гады выкладання мовы і літаратуры, пра прыемныя моманты працы з дзецьмі. Яна сцвярджае, што не можа забыць той цудоўны час, бо "самае незабыўнае і прыемнае, што застаецца ў памяці пасля працы ў школе, гэта вочы і ўсмешкі дзяцей-вучняў!"

Сустрэча выдалася на дзіва сярдэчнай і сяброўскай. Удзельнікі прыводзілі эмацыянальна афарбаваныя звесткі са сваёй біяграфіі, распавядалі пра гады вучобы на філалагічным факультэце БДУ, пра творчую прафесію настаўніка беларускай мовы і літаратуры, пра працу ў школе. Так, напрыклад, Марыя Курган, зусім яшчэ маладая дзяўчына-настаўніца, з цеплынёй і ўдзячнасцю распавядала пра студэнцкія гады, пра актыўную педагагічную практыку і працу ў школе: "Філалагічны факультэт гэта тое, што дапамагло і дапамагае. Тыя веды, якія мы атрымліваем падчас вучобы, – прыходзяць на дапамогу ў працы, у жыцці". Самае галоўнае для любога настаўніка, на думку Марыі Аляксандраўны, – гэта "бачыць цікаўныя вочы школьнікаў, якія з захапленнем слухаюць аповед настаўніка".

Дык хто ж такі сапраўдны настаўнік? Якімі метадычнымі прыемамі ён павінен карыстацца? Некаторыя сцвярджаюць, што ўсе прафесіі ў грамадскім жыцці аднолькава незаменныя і значныя. Але, мабыць, прафесія настаўніка ўсё ж звышадказная, звышскладаная і звышпатрабавальная: тое, чаму вучыць гэты чалавек, павінна быць засяроджана ў ім самім. Урокі – гэта заўсёды творчасць, кожны ўрок – дэбют. Цярпенне... Любоў... Усмешка... Відаць, вось яны, тыя своеасаблівыя "тры галоўныя прынцыпы", якімі павінен карыстацца сапраўдны настаўнік ў сваёй педагагічнай дзейнасці. I з гэтым цяжка не пагадзіцца!

(Рэпартаж падрыхтавала студэнтка 5 курса Вольга Трубач пад кіраўніцтвам I. У. Таяноўскай)

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.