Два самыя вялікія, самыя шчырыя святы, якія праваслаўныя адзначаюць вясной, – Вялікдзень і Дзень Перамогі – сёлета дзіўна супалі. Гэтак жа было і ў 1945 годзе: Хрыстова Уваскрэсенне па праваслаўным календары прыйшлося тады на 6 мая.
19 мая студэнты філалагічнага факультэта разам з дацэнтам Таццянай Сідаравай прынялі ўдзел у святочным канцэрце “Квітнеючы май”, які праходзіў на базе храма св. роўнаап. Марыі Магдаліны г Мінска. Канцэрт быў прысвечаны двум Вялікім майскім Святам і тым, хто напаўняў яго сваёй радасцю і ахвярнай любоўю – жонкам-міраносіцам і героям Вялікай Перамогі. У канцэрце таксама прынялі ўдзел курсанты Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. На адной сцэне з філолагамі яны выканалі вершы і песні ваенных гадоў, не абышлося без майскага вальса перамогі.
Сапраўднай радасцю для ўсіх стаў удзел у Хросным ходзе і святочным Набажэнстве, якія ўзначаліў Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Веніямін, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Уладыка звярнуўся да студэнтаў і курсантаў з прывітальным словам, блаславіў кожнага на добрыя справы, уручыў падарункі.
Пасля святочнага канцэрта для ўдзельнікаў была арганізавана экскурсія па храме.
Гэты дзень быў напоўнены святлом і дабром.



BY

