«Фальклор, час і мы» – менавіта так называецца студэнцкі форум, які адбыўся 11 верасня 2024 года на філалагічным факультэце БДУ. Арганізатарамі форуму выступілі кафедра тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору. Мерапрыемства прайшло ў аддаленым рэжыме на Гугл-дыску (https://docs.google.com/spreadsheets/d/1G5ODh9RhUAAhX8ztPwa19pAwinsWo7x88ej9T_WzqT4/edit?usp=sharing). У форуме ўдзельнічалі выкладчыкі кафедры, супрацоўнікі лабараторыі і студэнты спецыяльнасцяў «Руская філалогія» і «Славянская філалогія» філалагічнага факультэта БДУ (142 чалавекі), у тым ліку замежныя студэнты спецыяльнасці «Руская філалогія» (74 чалавекі). На форуме працавала сем секцый пад кіраўніцтвам к.ф.н., дацэнтаў Таццяны Марозавай, Вольгі Прыемка, Таццяны Лук’янавай, Славяны Шамякінай, кіраўніка УНЛ БФ Веры Дзянісенка, старшага выкладчыка Святланы Крыловай і выкладчыка Ганны Альшэўскай.
У межах вучэбнай дысцыпліны «Фалькларыстыка» студэнты першага курса па заканчэнні летняй сесіі праходзяць двухтыднёвую фальклорную практыку. Традыцыйна прапануецца дзве формы праходжання практыкі: палявая экспедыцыя ці праца ў архіве УНЛ БФ. Кожны навучэнец абраў сваю форму, таму аснову выступленняў склалі ўражанні студэнтаў-першакурснікаў аб іх першай вучэбнай практыцы. Прадстаўленыя даклады паказалі, што цікавасць да фальклорнай спадчыны і традыцый нашага народа не згасае, бо, як адзначылі студэнты, менавіта фальклор забяспечвае захаванне і перадачу культурных традыцый; спрыяе фарміраванню і ўмацаванню культурнай ідэнтычнасці; служыць адукацыйным інструментарыем; развівае аналітычныя навыкі; стварае эмацыйную сувязь паміж людзьмі; натхняе на пошукі новых ідэй і падыходаў у навуцы і мастацтве; дае магчымасці для творчага самавыяўлення праз музыку, танцы, мастацкія рамёствы; спрыяе ўмацаванню сацыяльных сувязяў і ўзаемадзеянню паміж членамі грамадства. Менавіта таму кожны фальклорны твор неабходна беражліва захоўваць і перадаваць новым пакаленням.
Усе даклады аб'ядноўвала адна думка: студэнты пасля праходжання практыкі атрымалі важны жыццёвы вопыт. Яны выказвалі падзяку факультэту за фальклорную практыку, паколькі яна дапамагла ім паглыбіць і пашырыць веды па вуснай народнай творчасці; пазнаёміцца з жывым бытаваннем фальклору; набыць навыкі збіральніцкай працы; атрымаць практычныя навыкі ў падрыхтоўцы фальклорных запісаў да архіўнага захоўвання і выдання. Галоўным жа стала ўсведамленне таго, што фальклорная практыка – важная форма вучэбнай і выхаваўчай работы, якая спрыяе інтэнсіўнаму фарміраванню філолага-прафесіянала.






BY

