18 лістапада на філалагічным факультэце адбылася інтэлектуальная гульня-квіз «Слова за слова», прымеркаваная да 85-гадовага юбілею факультэта. Гэта мерапрыемства сабрала замежных студэнтаў спецыяльнасцяў «Руская філалогія» і «Рамана-германская філалогія», а таксама замежных магістрантаў спецыяльнасцей «Мовазнаўства» і «Літаратуразнаўства». Гульня стала выдатнай магчымасцю для студэнтаў праявіць свае веды і навыкі ў сяброўскай атмасферы.
Мерапрыемства арганізавана кафедрай прыкладной лінгвістыкі, якая прыклала ўсе намаганні для стварэння займальнай і пазнавальнай атмасферы. Выкладчык кафедры Дубень Марына Уладзіміраўна выступіла ў якасці вядучай квіза. Удзельнікі адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі пытанняў і цікавыя фарматы заданняў, што зрабіла гульню незабыўнай падзеяй у жыцці факультэта.
Тэматыка пытанняў ахоплівала важныя аспекты гісторыі філалагічнага факультэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама рускай і беларускай мовы, літаратуры і культуры. Удзельнікі змаглі прадэманстраваць свае веды пра ключавыя падзеі і асоб, якія адыгралі значную ролю ў гісторыі альма матэр, мовазнаўчую кампетэнцыю і шырокі кругагляд, а таксама праявілі знаходлівасць, кемлівасць і хуткасць рэакцыі, адказваючы на пытанні «з зорачкай».
Пераможцамі сталі студэнты 2 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Артыкава Джэнет, Абдыламатаў Кадыр, Досава Насіба, Абдулаева Азіза, Шукурджанава Арзув, Бердымадаў Шатлык у складзе каманды «Іскра».
Інтэрактыўны фармат гульні спрыяў не толькі навучанню, але і ўмацаванню міжкультурных сувязяў сярод студэнтаў.







BY

