Сэрвісы

Майстар-клас “Даўняя літаратура ў культурным працэсе сучаснасці”

Выпускнік філфака, выхаванец навуковага семінара к.ф.н., дацэнта У. Г. Кароткага пры кафедры гісторыі беларускай літаратуры, аўтар манаграфічнага даследавання "Перакладная белетрыстыка Беларусі ХV - XVII стст.", укладальнік фундаментальнага тома серыі "Беларускі кнігазбор" пад назвай "Беларускія Александрыя, Троя, Трышчан...: перакладная белетрыстыка Беларусі ХV - XVII стст.", аўтар факсімільнага выдання "Беларускі Трышчан" (разам з Надзеяй Старавойтавай), суаўтар акадэмічнай "Гісторыі беларускай літаратуры" і "Анталогіі даўняй беларускай літаратуры" слушна сцвердзіў: "Даўняя літаратура - адзін з асноўных слупоў, апірышча нашай ментальнасці". Алесь Уладзіміравіч выдатна прадэманстраваў прысутным, што яна жыве і сёння дзякуючы такім спосабам трансплантацыі (пераносу) даўніны ў сучаснасць як: акадэмічныя выданні, адаптацыі, перастварэнні. Менавіта апошнія выклікалі непадробнае захапленне аўдыторыі, якая была ўражана акторскім талентам вучонага падчас выканання ім празаічнага і вершаванага перакладаў рыцарскіх раманаў "Бава" і "Трышчан" на сучасную беларускую мову. Падкрэслім, што сярод усіх славянаў беларусы адзіныя захавалі свае старажытныя пераклады рыцарскіх раманаў.

Даследчык - медыявіст А. Бразгуноў распавёў пра асноўныя кірункі сваёй навуковай дзейнасці, сумесныя праекты (з гуртом сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса", драматургам Сяргеем Кавалёвым, беларускімі археолагамі), міжнароднае супрацоўніцтва. Так, плёнам працы Алеся Уладзіміравіча ў бібліятэках Польшчы стала, у прыватнасці, знаходка, якая дазволіць з пэўнасцю назваць дату нараджэння беларускага літаратуразнаўства.

Беларускі вучоны перадаў кафедры гісторыі беларускай літаратуры электронныя варыянты сваіх навуковых прац, заахвоціў усіх прысутных да працы над перакладамі помнікаў даўняй літаратуры і яшчэ раз з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадаў свой родны факультэт, у сценах якога роўна 20 год таму ў студэнта-першакурсніка абудзілася цікавасць да айчыннай літаратуры Беларусі даўняга перыяду.

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.