20.02.2026 г. у рамках прафесійнага выхавання навучэнцаў прафесарам кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры В.У. Праскаловіч для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” была арганізавана дыялогавая пляцоўка на тэму “Настаўнік будучыні, які ён?”.
Мэта мерапрыемства — фарміраванне агульнапрафесійнай кампетэнтнасці студэнтаў, стымуляванне цікавасці да будучай прафесіі ў перыяд вучэбнай педагагічнай адаптацыйнай практыкі.
Запрошаны спікер — настаўнік англійскай мовы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Салігорска”, магістрант спецыяльнасці 7-06-0113-02 “Філалагічная адукацыя” завочнай формы навучання Таццяна Аляксандраўна Талпека.
Таццяна Аляксандраўна прадставіла свой інавацыйны педагагічны досвед, распавяла пра ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.
Падчас мерапрыемства ўдзельнікі пазнаёміліся з унікальным выданнем “Імя табе — Настаўнік”, у якім сабраны педагагічныя дынастыі нашай краіны. У кнізе і гісторыя чатырох пакаленняў салігорскіх педагогаў — сям’і Талпека—Матвяюк. У суме педагагічны стаж усіх прадстаўнікоў легендарнай дынастыі складае больш за 250 гадоў. Займальны аповед Таццяны Аляксандраўны пра сямейную педагагічную дынастыю выклікаў вялікую цікавасць у студэнтаў.
Мерапрыемства стала добрай дыялогавай пляцоўкай для абмеркавання не толькі прафесійных, але і маральных пытанняў. Студэнты ўсведамлялі значнасць будучай прафесіі, пераасэнсоўвалі каштоўнасці ў жыцці.
Вынікі мерапрыемства былі падведзены ў форме “адкрытага мікрафона”. Запрошаны спікер адказаў на пытанні, якія паступілі ад удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі.
Удзельнікі мерапрыемства былі адзіныя ў тым, што настаўнік будучыні — гэта не проста носьбіт ведаў, але і правадыр каштоўнасцей, культурнага дыялогу і гуманістычных ідэалаў.







BY

