13 сакавіка 2026 года студэнты філалагічнага факультэта БДУ Ульяна Пятровіч (4 курс), Карына Чэкан (4 курс) і Сафія Шчарбань (1 курс) прынялі ўдзел у Х Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі маладых даследчыкаў «Альфа-2026», якая прайшла на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Юбілейная канферэнцыя сабрала 98 удзельнікаў - студэнтаў, магістрантаў і маладых вучоных, якія працуюць у розных галінах філалагічных ведаў.
Праца была арганізавана ў двух фарматах - вочным і анлайн. У дыстанцыйнай секцыі выступілі ўдзельнікі з вядучых універсітэтаў Расіі і Арменіі, сярод якіх Разанскі дзяржаўны ўніверсітэт імя С. А. Ясеніна, Тамбоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Г. Р. Дзяржавіна, Паўночны (Арктычны) федэральны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава і Іджэванскі філіял Ерэванскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Тэматыка канферэнцыі ахоплівала шырокі спектр сучасных філалагічных даследаванняў: ад актуальных пытанняў тэорыі і гісторыі літаратуры да функцыянавання тэксту ў полікультурнай прасторы, камунікатыўнага партрэта сучасніка і новых тэхналогій у выкладанні мовы і літаратуры.
Карына Чэкан у дакладзе «Чорны - гранатавы - белы: трыяда жаноцкасці ў аповядзе “Чысты панядзелак”», выкананым пад кіраўніцтвам к.ф.н., дацэнта А. С. Івановай, прапанавала арыгінальную інтэрпрэтацыю каляровай сімволікі і прыйшла да высновы, што праз дынаміку колеру выражаецца бунінская канцэпцыя жаноцскасці як непадзельнага адзінства нябеснага, плоці і духу. Чорны колер стварае выяву магнетычнай, «фатальнай» жаноцкасці, белы маркіруе полюс святасці і адрачэння, а гранатавы, убіраючы антычныя і хрысціянскія канатацыі (сімволіка шлюбу, ахвяры, запалу), становіцца сэнсавым мастом паміж імі і знакам крызіснага выбару. Такім чынам каляровая трыяда адлюстроўвае духоўную траекторыю гераіні: ад гарачай пагружанасці ў свет праз ахвярны крызіс да здабыцця гармоніі ў адрачэнні.
Ульяна Пятровіч прадставіла да публікацыі сваё даследаванне «Міф аб вечным вяртанні ў паэтыцы рамана Нарынэ Абгаран “З неба ўпалі тры яблыкі”» (кіраўнік к.ф.н., дацэнт Л.В.Камлюк-Ярашэнка). У працы паказана, як праз сістэму паўтораў, цыклічнасць часу і сімвалічнае цэнтраванне прасторы раман узнаўляе архетып вечнага вяртання, дзякуючы якому прыватная гісторыя вёскі набывае ўніверсальнае значэнне. Адмысловая ўвага надаецца ролі ландшафту, калектыўнай памяці і анамастычнай традыцыі ў фармаванні міфалагічнай карціны свету. Міфалагічныя структуры ў паэтыцы твора выступаюць механізмам мастацкага асэнсавання гістарычнай траўмы і сродкам захавання культурнай памяці.
Даследаванне Сафіі Шчэрбань «Вобраз зайца як маркер жанравай прыроды “Аповесці пра Пятра і Фяўронію Мурамскіх”» (кіраўнік к.ф.н., дацэнт Л.В.Камлюк-Ярашэнка) прысвечана інтэрпрэтацыі зааморфнага вобраза ў помніку старажытнарускай літаратуры і яго значэнне для інтэрпрэтацыі жанравай прыроды тэкста. Студэнтка прыйшла да высновы, што ў залежнасці ад даследчай оптыкі: фальклорнай, агіяграфічнай ці прытчавай – выява зайца атрымлівае рознае сэнсавае напаўненне: ад шлюбнай сімволікі народнай традыцыі да хрысціянскага знака духоўнай чуласці і райскай гармоніі. Праца Сафіі дэманструе, што суіснаванне гэтых інтэрпрэтацыйных пластоў сведчыць пра жанравую шматслойнасць «Аповесці пра Пятра і Фяўронію» і адлюстроўвае ўзаемадзеянне фальклорных, хрысціянскіх і сімвалічных кодаў у старажытнарускай славеснасці. Аналіз адной зоаморфнай выявы дазволіў выявіць складаную мастацкую арганізацыю тэкста і асаблівасці жанравага сінтэзу помніка.
Студэнты філалагічнага факультэта БДУ ўдзельнічаюць у канферэнцыі «Альфа» ўжо пяты год, і кожны раз іх выступленні дэманструюць уважлівую работу з мастацкім тэкстам і карэктнае валоданне сучаснымі метадамі літаратуразнаўчага аналізу.
З 2022 года ў працы канферэнцыі бралі ўдзел А. Джэжора (2022), А. Феактыстаў (2023, 2024, 2025), А. Літошка (2024), Ф. Бегіян (2025) і іншыя маладыя даследчыкі. Іх выступленні былі прысвечаны розным аспектам паэтыкі класічнай і сучаснай літаратуры: структуры хранатопу і пункту гледжання ў рамане Я. Вадалазкіна «Апраўданне выспы» (А. Джэжора); ролі дыегетычнага наратара ў аповесці С. Даўлатава (А. Феактыстаў); феномену атопіі ў прозе М. Елізарава (А.Феактыстаў), паэтыцы паліфаніі ў творы А. Платонава «Тэхнічны раман» (А. Літошка), інтэрпрэтацыі наратыўнай трыяды «час – мадальнасць – стан» у святле платанічнай анталогіі (А. Феакцістаў), Н. Аляксеевай «Паўночніца» (Ф. Бегіян).
Матэрыялы прадстаўленых даследаванняў публікуюцца ў штогадовых зборніках навуковых артыкулаў канферэнцыі, якія адлюстроўваюць не толькі першыя крокі маладых вучоных, але і важную метадалагічную працу: уважлівае – праблематызуючае – чытанне, пошук новых інтэрпрэтацыйных метадаў і імкненне суаднесці канкрэтны аналіз з шырокім культурным кантэкстам.
Удзел студэнтаў у канферэнцыі “Альфа” паказвае, што навуковая праца на філалагічным факультэце пачынаецца з дакладаў на студэнцкіх канферэнцыях і публікацый вынікаў сваіх навуковых штудый. Так мэтанакіравана фарміруецца даследчая культура: пастаноўка актуальных літаратуразнаўчых пытанняў, пошук і абгрунтаванне шляхоў іх вырашэння, чулы дыялог з мастацкім тэкстам, уменне бачыць за прыватнай дэталлю складаную сістэму сэнсаў і ўключаць асобны твор у дыялог літаратурных традыцый.


BY

