5 красавіка 2026 года на 76-м годзе пайшоў з жыцця Анатоль Леанідавіч Верабей – беларускі літаратуразнавец, крытык, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
А. Л. Верабей скончыў БДУ ў 1972 г., працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі ў 1972–1974 гг. Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі ў 1977 г., абараніў кандыдацкую дысертацыю ў 1979 г., працаваў там жа да 1990 г. У 1990–2020 гг. А. Л. Верабей – дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Анатоль Леанідавіч займаўся даследаваннем гісторыі беларускай літаратуры, пытаннямі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў, ён аўтар манаграфій “Максім Танк і польская літаратура” (1984, 2012), “Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20–30-х гг.” (1990), удзельнічаў у выданнях творчай спадчыны П. Пестрака, У. Хадыкі і інш.
Але сапраўднай “справай жыцця” літаратуразнаўцы стала даследаванне творчай асобы беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, найбольшая колькасць навуковых работ прысвечана менавіта яму: манаграфіі “Жывая повязь часоў: Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча” (1985), “Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча” (1997, Літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка Саюза беларускіх пісьменнікаў, 1998), “Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць” (2005), артыкул “Уладзімір Караткевіч” у “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.” (т. 4, кн. 1, 2002), “Блізкае і дарагое: выбраныя артыкулы пра Уладзіміра Караткевіча” (2020). Таксама А. Л. Верабей удзельнічаў у выданні Збору твораў У. Караткевіча ў 8 тамах (1987–1991), а з 2012 г. з’яўляўся кіраўніком, членам рэдакцыйнай калегіі выдання Збору твораў У. Караткевіча ў 25 тамах (на сённяшні дзень выдадзены 22 тамы).
Светлая памяць пра Анатоля Леанідавіча Вераб’я назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.


BY

