У межах навукова-педагагічнай практыкі студэнтаў магістратуры па спецыяльнасці «Філалагічная адукацыя» завочнай формы атрымання адукацыі была праведзена бліц-гутарка «Дзесяць пытанняў маладому настаўніку», арганізатарам якой выступіла дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры І. Э. Саўко. У мерапрыемстве прынялі ўдзел магістранты Ульяна Аляксееўна Мазікава, настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 22 г. Мінска імя С. І. Грыцаўца», Валерыя Аляксандраўна Валкавец, настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА «Гімназія школа № 75 г. Мінска імя Масленікава П. В.», і студэнты трэцяга і чацвёртага курсаў спецыяльнасці «Руская філалогія» (прафілізацыя «Дзелавая камунікацыя»). У. А. Мазікава і В. А. Валкавец – выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ 2025 года, але ўжо маюць амаль трохгадовы педагагічны стаж, таму што працуюць настаўнікамі з трэцяга курса.
Студэнтам было прапанавана сфармуляваць і запісаць на асобных лістках паперы па адным-два пытанні маладым настаўнікам, а Ульяне Аляксееўне і Валерыі Аляксандраўне – адразу адказаць на іх, наўздагад узяўшы лісток, які ляжаў тэкстам уніз.
Пытанні былі, напрыклад, такія:
1. Якая цяжкасці ўзніклі напачатку працы ў школе?
2. Які самы неверагодны выпадак быў у Вас на ўроку?
3. Магчыма, ёсць сайты-дапаможнікі для маладога настаўніка. Калі ёсць, ці можаце Вы расказаць пра іх?
4. Які быў Ваш самы сур’ёзны настаўніцкі «правал» і чаму ён Вас навучыў?
5. Якую якасць Вы лічыце важнай для сучаснага настаўніка?
6. Ці падабаецца Вам працаваць у школе?
7. Ці праўда, што зараз стала больш цяжка спраўляцца з дзецьмі?
8. Ці выкарыстоўваеце Вы ў сваёй працы інтэрактыўныя заданні? Калі так, то якія?
9. Калі вучань не жадае вучыцца, ці варта на ўроку ўдзяляць яму асаблівую ўвагу?
10. Калі б была магчымасць змяніць прафесію, то якую б выбралі?
Адказы маладых настаўнікаў былі цікавыя і разгорнутыя.
Напрыклад, У. А. Мазікава на пытанне № 1 адказала так: «Самай вялікай цяжкасцю на першым годзе працы стала ўтрыманне дысцыпліны на ўроках у пятым класе. Яшчэ нявопытны настаўнік, я імкнулася арганізаваць зносіны з дзецьмі як з раўнымі, была вельмі добрай і ў нейкія моманты нястрогай. Але дэмакратычны стыль зносін, на жаль, пашырыў межы таго, што дазваляецца на ўроку, і гэта прывяло да парушэння дысцыпліны. Паказаўшы дзецям сваю “мяккасць”, я зразумела, што цяпер заслужыць аўтарытэт класічнага школьнага настаўніка будзе цяжка. Гэта стала для мяне важным урокам. Я ўлічыла ўсе памылкі, выпрацавала свой стыль зносін, і на наступны год, калі пачала працаваць з новым класам, праблемы з дысцыплінай сталі мінімальнымі».
В. А. Валкавец, адказваючы на пытанне № 10, сказала: «Я б ні ў якім разе не стала мяняць прафесію, якую абрала. Безумоўна, асноўная місія настаўніка – даць вучням неабходныя веды, сфарміраваць на гэтай аснове пэўныя ўменні і навыкі. Аднак настаўнік – гэта яшчэ і чалавек, які дапамагае школьнікам выбраць правільны жыццёвы накірунак, знайсці сваё “я”. За першыя два гады работы я паспела “выпусціць у дарослае жыццё” два адзінаццатыя класы, і зараз былыя вучні, ужо студэнты, прыходзяць у гімназію са словамі падзякі за парады, якія калісьці атрымалі, за падтрымку іх і давер да іх. На сэрцы становіцца неверагодна цёпла, калі разумееш, што твае словы ў свой час сагрэлі кагосьці, дапамаглі не наламаць дроў у цяжкую хвіліну. А ўдзячнасць вучняў, радасць у іх вачах ад поспехаў – найвышэйшая ўзнагарода для настаўніка».


BY

