06.05.2026 у рамках грамадзянскага і патрыятычнага выхавання і напярэдадні Дня Перамогі старшы выкладчык кафедры германскага мовазнаўства Г.І. Зур працягнула рэалізацыю праекта «Сямейная памяць пра вайну», распачатага ў 2023 годзе. У гэтым годзе да праекта далучыліся замежныя студэнты 25-ай групы II курса спецыяльнасці «Рамана-германская (англійская) філалогія», якія вывучаюць нямецкую мову як другую замежную.
Студэнты прадставілі прэзентацыі і расказы пра лёсы сваіх родных у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Халыеў Нагмат распавёў пра свайго прадзеда Эрэшава Базара (1922-2011), які ў 17 гадоў быў прызваны на фронт, ваяваў у складзе 87-ай асобнай Туркменскай кавалерыйскай дывізіі, удзельнічаў у Сталінградскай бітве, быў паранены і вярнуўся дадому толькі ў 1946 годзе. Нагмат адзначыў: «Мой прадзед не любіў расказваць аб тым, што яму давялося перажыць на вайне».
Абдылаеў Шаназар падзяліўся сямейнай гісторыяй пра свайго дзядулю Рахмедава Абдулу (1924-1997), які ў 19 гадоў быў прызваны на фронт, у 1944 годзе атрымаў цяжкае раненне, пасля лячэння ў шпіталі быў накіраваны на вайну з Японіяй. У гэтыя гады самааддана працавала ў тыле бабуля Шаназара – Мярэдава Джумагул (1926-2014), набліжаючы Перамогу. У 1947 годзе дзядуля вярнуўся, і разам яны пражылі доўгае жыццё, выхаваўшы пяцярых дзяцей.
Для дзядзі Сапаравай Лэйлі – Мярэдава Ціркешмырата – гонар і адвага былі сэнсам усяго жыцця. Студэнтка згадвае: «Камандзіры шанавалі яго за моцны характар і надзейнасць, а саслужыўцы – за добрае сэрца і гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Жыццё майго дзядзі нагадвае мне аб тым, што мір і спакой ахоўваюцца простымі людзьмі з вялікім сэрцам. Мы павінны памятаць пра іх уклад і перадаваць гэтую памяць наступным пакаленням. Пакуль мы помнім – яны жывыя ў нашых сэрцах».
Пра вайсковага ўрача, свайго прадзеда Бердзімырадава Атту (1910-1985) распавяла Сапаева Сэлбі: «Яго зброяй былі не вінтоўка або аўтамат – ён ваяваў за жыцці салдат пад свіст куль і грукат снарадаў у палявых шпіталях, штодня здзяйсняючы свой ціхі подзвіг. Прадзядуля пражыў доўгае і годнае жыццё. Яго парадны кіцель ледзь вытрымліваў вагу ўзнагарод: за баявыя заслугі, за мужнасць і за вернасць урачэбнаму абавязку. Кожны медаль – гэта выратаванае жыццё, гэта бяссонная ноч ля аперацыйнага стала і сімвал яго вялікай Перамогі. Мы памятаем! Мы ганарымся! Нізкі паклон нашаму герою!»
Карабаева Надзея падзялілася гісторыяй пра сваю прабабулю Беднік Надзею Ярмільеўну (1925 г.н.), якая ў 16 гадоў хацела сысці на фронт, але была накіравана ваенкаматам вучыцца на трактарыста і працавала ў полі, забяспечваючы фронт хлебам, а таксама пра свайго прадзеда Вербавога Аляксея Андрэевіча (1907 г.н.), які служыў у 54-м гвардзейскім мінамётным палку, быў узнагароджаны медалём «За адвагу», ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені, а ва ўзнагародным лісце апісана яго адвага і ініцыятыва ў баі.
Сапарава Айшырын падзялілася гісторыяй пра свайго прадзеда Язханава Гараджу (1920 г.н.), які ў 18 гадоў паступіў на службу, служыў у Бесарабіі, а з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе загінуў на фронце, не вярнуўшыся дадому.
Рустэмава Язгул распавяла: «Мой прадзядуля Аразаў Кулы ў 1943 годзе сышоў на фронт, дадому вярнуўся з ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Пасля вайны вывучыўся на настаўніка біялогіі і хіміі. Шмат гадоў працаваў у вясковай школе, быў яе дырэктарам. У 1980 годзе пайшоў на заслужаны адпачынак. Сваё 80-годдзе ён сустрэў у год 60-годдзя Вялікай Перамогі».
Студэнты таксама азнаёміліся з захаванымі сямейнымі гісторыямі пра Вялікую Айчынную вайну выпускнікоў 2023-2025 гг. і адзначылі, што памяць пра подзвіг продкаў жыве ў сэрцах нашчадкаў незалежна ад іх нацыянальнасці і краіны пражывання.
Мэтай мерапрыемства стала фармаванне пачуцця гонару за вялікае пакаленне герояў-пераможцаў, захаванне памяці пра лёсы родных у гады Вялікай Айчыннай вайны.











BY

