14 мая студэнты 2 курса спецыяльнасці “Усходняя філалогія” разам з дацэнтам Л. В. Камлюк-Ярашэнка пагрузіліся ў феерычную атмасферу сучаснай дзіцячай “страшнай” кнігі.
У рамках дысцыпліны “Гісторыя рускай літаратуры XX–XXI стст.” група студэнтаў наведала прэзентацыю зборніка фантастычных апавяданняў “Страхі навыварат”, выпушчанага выдавецтвам “Адкрытая кніга”.
Прастора прэзентацыі была арганізавана як паўнавартасная медыяпадзея: фотазоны, тэматычныя таблічкі з іранічнымі рэплікамі, стол варажбы па кнізе, інтэрактывы і розыгрышы стваралі адчуванне погружэння ў асаблівы свет – крыху хорар, крыху fantasy, крыху digital-рэальнасць XXI стагоддзя.
Сам зборнік “Страхі навыварат” стаў паказальным прыкладам сучаснай падлеткавай і young adult-літаратуры. Дванаццать аўтараў прапануюць чытачу пагрузіцца і пераадолець ужо не класічную “страшылку” з прывідамі са старога замка, а зусім іншы тып трывогі - лічбавы, медыйны, укаранёны ў паўсядзённасць. Страх можа жыць у смартфоне, хавацца за алгарытмамі, мемамі, трэндамі і нават штучным інтэлектам. Менавіта таму прэзентацыя кнігі стала для студэнтаў магчымасцю ўбачыць, як літаратура рэагуе на новыя формы чалавечага досведу і як мяняюцца жанравыя мадэлі ў культуры 2020-х гадоў.
Асаблівую цікавасць выклікалі аўтограф- і фотасесія з аўтарамі і прадстаўнікамі выдавецтва. Для будучых філолагаў гэта цудоўная магчымасць паназіраць за літаратурным працэсам не “ў гатовым выглядзе” - з падручнікаў і артыкулаў, - а тут і сёння: пачуць, як нараджаюцца сюжэты, як фарміруецца канцэпцыя зборніка, якім чынам кніга становіцца часткай сучаснага медыяасяроддзя.
Не менш важным аказаўся і сам фармат мерапрыемства. Прэзентацыя кнігі арганічна спалучала элементы літаратурнай сустрэчы, квэста, кінапрагляду і маладзёжнага фестывалю. Мультфільм “Мышыны перапалох”, які завяршыў вечар, стаў яшчэ адным прыкладам таго, наколькі актыўна сучасная літаратура ўзаемадзейнічае з анімацыяй, коміксам і экраннай культурай.
Для студэнтаў-філолагаў гэты вечар стаў не проста знаёмствам з новай кнігай, а магчымасцю ўбачыць літаратуру як жывы, дынамічны і адкрыты працэс. І, мабыць, менавіта такі досвед лепш за ўсё дапамагае зразумець, якой становіцца літаратура ў XXI стагоддзі – шматгалосай, візуальнай, інтэрактыўнай і надзвычай блізкай сучаснаму чытачу.






BY

