Сэрвісы

Студэнтка філалагічнага факультэта - прызёр міжнароднага конкурсу

Студэнтка філалагічнага факультэта - прызёр міжнароднага конкурсу

Студэнтка I курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Марыя Прахарэнка стала прызёрам III Міжнароднага конкурсу навуковых работ навучэнцаў, які прайшоў у рамках VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Перспектывы развіцця вышэйшай школы» (Сургут, філіял Цюменскага індустрыяльнага ўніверсітэта). Яе даследаванне, прадстаўленае ў секцыі «Культуралогія і філалогія: сучасныя погляды і даследаванні», было адзначана дыпломам II ступені.

Тэма яе конкурснай працы – «“Слова пра паход Ігаравы” ў перакладзе Набокава: на перасячэнні семантычных межаў». Даследаванне прысвечана дастаткова складанаму і дыскусійнаму перакладчыцкаму праекту – англійскаму перакладу старажытнарускага помніка, выкананаму Уладзімірам Набокавым. Праца прапануе іншы погляд на звыклае ўяўленне аб набокаўскай «літаральнасці»: пераклад разглядаецца не як паслядоўнае следаванне арыгіналу, а як складаная сістэма вельмі нетрывіяльных сэнсавых, лексічных і марфалагічных рашэнняў.

У цэнтры ўвагі юнай даследчыцы – своеасаблівасць працы Набокава з архаізмамі, шматзначнасцю слова, гістарычнай памяццю мовы і аказіянальным словаўтварэннем. Аналіз паказвае, што незвычайныя формы накшталт helmetful, Donward ці inglehorn не з'яўляюцца выпадковымі моўнымі эксперыментамі. Наадварот, менавіта праз такія канструкцыі перакладчык імкнецца перадаць сэнсавыя ньюансы старажытнарускага тэксту, захаваць яго гістарычную глыбіню і вобразнасць.

Асаблівую каштоўнасць рабоце надае спалучэнне літаратуразнаўчага, перакладазнаўчага і лінгвістычнага падыходаў. Даследаванне спалучае аналіз мастацкай структуры тэксту з увагай да этымалогіі, семантычных зрухаў і гісторыка-культурнага кантэксту.

Праца была падрыхтавана пад навуковым кіраўніцтвам дацэнта Л. В. Камлюк-Ярашэнка. У працэсе даследавання Марыя Прахарэнка атрымала таксама кансультацыйную падтрымку ў галіне англійскай мовы ў ст.выкл. кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, кіраўніка англамоўнай магістратуры Д. Н. Гіргель.

Конкурс аб’яднаў студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і маладых даследчыкаў з розных гарадоў і навуковых школ. Тым больш прыкметны поспех працы, прысвечанай старажытнарускай славеснасці і праблемам мастацкага перакладу – вобласці, якая патрабуе адначасова тэксталагічнай дакладнасці, гісторыка-філалагічнай падрыхтоўкі і здольнасці да інтэрпрэтацыі.

Віншуем Марыю Прахарэнку і навуковага кіраўніка - дацэнта Людмілу Віктараўну Камлюк-Ярашэнку - з высокай ацэнкай даследавання.

ph27052026198782791389.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image