23 кастрычніка 2026 года ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 105-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на філалагічным факультэце адбылася прэзентацыя адноўленага рэпертуару батлейкі «Казачны куфар». Гэтая падзея стала сімвалам вяртання выпускнікоў факультэта ў родныя сцены. Праект вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства не проста вярнуў творы з архіваў 1990-х гадоў, але і аб’яднаў розныя пакаленні выкладчыкаў, былых і сённяшніх студэнтаў, якія зноў адчулі сябе часткай вялікай універсітэцкай супольнасці.
Запрошанымі гасцямі сталі беларускі паэт і бард Алесь Камоцкі, дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Важнік, намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве Таццяна Мальцэвіч, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Георгій Чахоўскі, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Мікалай Хмяльніцкі, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Іван Чаўкота, загадчыкі кафедр, выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты філалагічнага факультэта.
Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка распавяла прысутным гісторыю стварэння творчага калектыву. Яна падкрэсліла, што шлях аб’яднання прайшоў ад навуковай сістэматызацыі фальклорных матэрыялаў да маштабных факультэцкіх фэстаў і майстар-класаў. Было адзначана, што за кожнай пастаноўкай «Казачнага куфра» стаяць карпатлівая праца, смеласць і давер паміж камандай і гледачом, якія дазваляюць ператварыць архіўны радок у жывы сцэнічны вобраз і зрабіць даўнюю спадчыну вельмі асабістай для кожнага. Вера Дзянісенка таксама выказала падзяку творчай групе, якая забяспечыла акцёрскае суправаджэнне праекта. У склад яе ўвайшлі спецыяліст па забеспячэнні вучэбнага працэсу кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Таццяна Агіевіч, спецыялісты па забеспячэнні вучэбнага працэсу вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Ганна Іванова, Дар’я Іванова і Ганна Прохарава, студэнты 4 курса спецыяльнасці «беларуская філалогія» Алесь Дубоўскі і Раман Марукін, студэнтка 3 курса спецыяльнасці «беларуская філалогія» Анастасія Каласоўская, студэнтка 2 курса спецыяльнасці «славянская філалогія» Альжбэта Малішэўская-Спрынчан і навучэнец ДУА «Гімназія №14 г. Мінска» Аляксей Дзянісенка.
Рэпертуарная праграма вечара адзначылася важнымі падзеямі, сярод якіх адбыліся адразу дзве знакавыя прэм’еры:
Казка «Коцік, пеўнік і ліса» – пастаноўка-візітоўка, каля якой быў экспанаваны адмысловы вышываны дыванок-ілюстрацыя.
Казка «Сованька» – стары народны аповед, які быў упершыню прадстаўлены на сцэне батлейкі ў літаратурнай апрацоўцы студэнта 4 курса спецыяльнасці «беларуская філалогія» Алеся Дубоўскага.
«Казка пра казла і барана» – сцэнічнае ўвасабленне рэгіянальнага гумарыстычнага сюжэта Ашмяншыны.
Казка «Жораў і Чапля» – пастаноўка беларускай народнай казкі паводле ўласнага прачытання і інтэрпрэтацыі вядомага беларускага паэта і барда Алеся Камоцкага.
«Ліса-каталічка» – сатырычная інтэрпрэтацыя класічнай казачнай прозы.
Казка «Як воўк хацеў святым стаць» – алегарычная прытча маральна-этычнага кірунку.
Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства і творчая група праекта «Казачны куфар» выказваюць падзяку кіраўніцтву філалагічнага факультэта БДУ, гасцям і калегам за ўвагу і падтрымку супольных ініцыятыў. Рэалізацыя падобных праектаў у рамках святкавання 105-годдзя БДУ забяспечвае трывалую аснову для міжвузаўскага ўзаемадзеяння і далейшага развіцця акадэмічных і культурных сувязей універсітэта.





BY 
