Сэрвісы

«КАЗАЧНЫ КУФАР. ВЯРТАННЕ»: СУВЯЗЬ ЧАСОЎ

«КАЗАЧНЫ КУФАР. ВЯРТАННЕ»: СУВЯЗЬ ЧАСОЎ

23 кастрычніка 2026 года ў межах мерапрыемстваў, прысвечаных 105-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на філалагічным факультэце адбылася прэзентацыя адноўленага рэпертуару батлейкі «Казачны куфар». Гэтая падзея стала сімвалам вяртання выпускнікоў факультэта ў родныя сцены. Праект вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства не проста вярнуў творы з архіваў 1990-х гадоў, але і аб’яднаў розныя пакаленні выкладчыкаў, былых і сённяшніх студэнтаў, якія зноў адчулі сябе часткай вялікай універсітэцкай супольнасці.

Запрошанымі гасцямі сталі беларускі паэт і бард Алесь Камоцкі, дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Важнік, намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве Таццяна Мальцэвіч, намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Георгій Чахоўскі, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Мікалай Хмяльніцкі, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Іван Чаўкота, загадчыкі кафедр, выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты філалагічнага факультэта.

Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка распавяла прысутным гісторыю стварэння творчага калектыву. Яна падкрэсліла, што шлях аб’яднання прайшоў ад навуковай сістэматызацыі фальклорных матэрыялаў да маштабных факультэцкіх фэстаў і майстар-класаў. Было адзначана, што за кожнай пастаноўкай «Казачнага куфра» стаяць карпатлівая праца, смеласць і давер паміж камандай і гледачом, якія дазваляюць ператварыць архіўны радок у жывы сцэнічны вобраз і зрабіць даўнюю спадчыну вельмі асабістай для кожнага. Вера Дзянісенка таксама выказала падзяку творчай групе, якая забяспечыла акцёрскае суправаджэнне праекта. У склад яе ўвайшлі спецыяліст па забеспячэнні вучэбнага працэсу кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Таццяна Агіевіч, спецыялісты па забеспячэнні вучэбнага працэсу вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Ганна Іванова, Дар’я Іванова і Ганна Прохарава, студэнты 4 курса спецыяльнасці «беларуская філалогія» Алесь Дубоўскі і Раман Марукін, студэнтка 3 курса спецыяльнасці «беларуская філалогія» Анастасія Каласоўская, студэнтка 2 курса спецыяльнасці «славянская філалогія» Альжбэта Малішэўская-Спрынчан і навучэнец ДУА «Гімназія №14 г. Мінска» Аляксей Дзянісенка.

Рэпертуарная праграма вечара адзначылася важнымі падзеямі, сярод якіх адбыліся адразу дзве знакавыя прэм’еры:

Казка «Коцік, пеўнік і ліса» – пастаноўка-візітоўка, каля якой быў экспанаваны адмысловы вышываны дыванок-ілюстрацыя.

Казка «Сованька» – стары народны аповед, які быў упершыню прадстаўлены на сцэне батлейкі ў літаратурнай апрацоўцы студэнта 4 курса спецыяльнасці «беларуская філалогія» Алеся Дубоўскага.

«Казка пра казла і барана» – сцэнічнае ўвасабленне рэгіянальнага гумарыстычнага сюжэта Ашмяншыны.

Казка «Жораў і Чапля» – пастаноўка беларускай народнай казкі паводле ўласнага прачытання і інтэрпрэтацыі вядомага беларускага паэта і барда Алеся Камоцкага.

«Ліса-каталічка» – сатырычная інтэрпрэтацыя класічнай казачнай прозы.

Казка «Як воўк хацеў святым стаць» – алегарычная прытча маральна-этычнага кірунку.

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства і творчая група праекта «Казачны куфар» выказваюць падзяку кіраўніцтву філалагічнага факультэта БДУ, гасцям і калегам за ўвагу і падтрымку супольных ініцыятыў. Рэалізацыя падобных праектаў у рамках святкавання 105-годдзя БДУ забяспечвае трывалую аснову для міжвузаўскага ўзаемадзеяння і далейшага развіцця акадэмічных і культурных сувязей універсітэта.

2810200026p30.jpg

2810200026p701.jpg

2810200026p80.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.