29 кастрычніка дацэнт кафедры германскага мовазнаўства В. Ю. Касцючэнка правяла творчы вечар «Жанчыны беларускага мастацтва: ад маляванак да NFT» са студентамі трэцяга курса спецыяльнасці «Рамана-германская (англійская) філалогія», прысвечаны Году беларускай жанчыны. Мэта мерапрыемства — выхаванне пачуцця патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, фарміраванне эстэтычнага густу і далучэнне студэнтаў да нацыянальнай культуры, фарміраванне ўяўлення пра шматстайнасць форм сучаснага «жаночага мастацтва» і іх сувяз з традыцыйнай культурай, паглыбленае знаёмства з класічнымі і сучаснымі творамі беларускіх жанчын-мастачак.
У ходзе сустрэчы студэнты пазнаёміліся з аўтарамі і іх творамі, якія ахопліваюць розныя эпохі — ад канца XIX стагоддзя да нашых дзён. Удзельнікі абмеркавалі шырокі спектр мастацкіх напрамкаў: наіўнае творцтва, класічны жывапіс, графіку, скульптуру, перформанс, відэаарт і мультымедыйныя эксперыменты. Асаблівы водгук выклікала знаёмства з лёсамі і творчасцю Пальміры Мрачкоўскай, Алены Кабішчар-Якерсон, Зінаіды Астаповіч-Бачаровай, Алены Кіш, Ядвігі Раздзялоўскай, Галіны Васільевай, Вікторыі Савянковай, Марыны Напрушкінай і Ганны Скаромнай. Большасць прозвішчаў аказаліся для студэнтаў зусім незнаёмымі, што выклікала жывую цікавасць і жаданне глыбей вывучыць спадчыну суайчынніц.
Каштоўнасць мерапрыемства палягае перш за ўсё ў тым, што яно прадставіла шырокі спектр мастацкіх моў: ад традыцыйнага жывапісу да найноўшых лічбавых форм. Студэнты ўбачылі, як жаночая творчасць у Беларусі развівалася, пераадольваючы стэрэатыпы і сацыяльныя бар'еры, і як сёння мастачкі асвойваюць новыя тэхналогіі, застаючыся пры гэтым у непарыўнай сувязі з роднай культурай.
Студэнты прымалі актыўны ўдзел у дыскусіі, аналізуючы прычыны, чаму жаночыя імёны доўгі час заставаліся ў ценю і былі слаба прадстаўлены ў музейных экспазіцыях. Падобныя сустрэчы не толькі пашыраюць кругагляд студэнтаў, але і фарміруюць пачуццё гонару за нацыянальную культуру роднай краіны.


BY

