14 лістапада на філалагічным факультэце БДУ ўжо ў чацвёрты раз прайшла міні-выстава "З глыбіні стагоддзяў: стараабрадніцкія кнігі кірылічнага друку". Старшы выкладчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Павел Аляксандравіч Рааго прадставіў студэнтам-першакурснікам спецыяльнасцей «Беларуская філалогія» і «Славянская філалогія» частку ўласнай калекцыі друкаваных і рукапісных стараабрадніцкіх кніг, пазнаёміў з асаблівасцямі іх вытворчасці і афармлення, умовамі бытавання, са складанасцямі, што ўзнікаюць падчас іх атрыбуцыі.
Выставе папярэднічаў кароткі аповед пра спецыфіку стараабрадніцкай кніжнай культуры і стараабрадніцтва ў цэлым, датычнасць беларускіх зямель да ўзнікнення стараабрадніцкага кнігадрукавання. Студэнты змаглі на ўласныя вочы ўбачыць, а таксама пагартаць і пачытаць некалькі рэдкіх выданняў, кожнае з якіх па-свойму цікавае.
Увазе студэнтаў упершыню была прадстаўлена “Трыёдзь посная”, выдадзеная ў Маскве ў 1589 годзе вучнем рускага першадрукара Івана Фёдарава Андронікам Нявежам (усяго ў свеце захавалася каля 90 экземпляраў). Гэтая кніга выйшла з нагоды заснавання Маскоўскага патрыярхата, і менавіта з яе пачынаецца адлік бесперапыннага кнігадрукавання ў нашых усходніх суседзяў.
"Псалтыр" 1733 года з друкарні праваслаўнага брацтва Богаяўлення ў Магілёве з'яўляецца адной з першых кніг, выдадзеных ужо непасрэдна на замову старавераў. Цікава, што ў яго афармленні выкарыстаныя застаўкі з дошак, створаных для выдання яшчэ больш ранняга, 1705 года.
Віленскае «Тэтраевангелле» 1801 года з тыпаграфіі ўніяцкага Троіцкага манастыра адметнае сваімі чатырма гравюрамі з выявамі евангелістаў. У стараверскім асяроддзі “Евангелле” лічылася кнігай не для хатняга чытання, а таму выдавалася не часта.
Друкаваны «Златавуст» 1812 года змяшчае каляровую рукапісную выяву Іаана Златавуста, выкананую паводле ўсіх іканаграфічных канонаў. "Азбука пачатковага вучэння" 1918 года знаёміць, з якіх кніг пачынаўся працэс навучання дзяцей-стараабрадцаў.
Асаблівую ўвагу сваім афармленнем і зместам прыцягнулі рукапісны зборнік канонаў канца XVIII ст. і рукапісныя тэксты, створаныя ў другой палове XIX стагоддзя, якія сведчаць, што царкоўнаславянская мова працягвала актыўна выкарыстоўвацца стараверамі ў палемічнай перапісцы.
Таксама на выставе можна было пазнаёміцца з тэматычна блізкім уніяцкім «Малітвасловам», выдадзеным у Пачаеўскай лаўры ў 1741 годзе (уніяцкія выданні ў цэлым з'яўляюцца вельмі рэдкімі на сённяшні дзень), і пачуць, як гучалі словы шлюбнай клятвы ў сярэдзіне XVIII ст.
Першакурснікі праявілі непадробную цікавасць да экспазіцыі, мелі магчымасць задаць усе пытанні, якія іх цікавілі, і ў прамым сэнсе гэтага слова дакрануцца да гісторыі.








BY

