Сэрвісы

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Супруноўскія чытанні – 2026. Мова: гісторыя і сучаснасць»

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Супруноўскія чытанні – 2026. Мова: гісторыя і сучаснасць»

confsuprun2026.jpg

23 кастрычніка 2026 г. на кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Супруноўскія чытанні – 2026. Мова: гісторыя і сучаснасць», прысвечаная дню нараджэння прафесара А. Я. Супруна.

Пленарнае пасяджэнне адкрыла Мальцэвіч Таццяна Васільеўна, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуковай працы. У пасяджэнні прынялі ўдзел навукоўцы з Інстытута рускай мовы ім. В. У. Вінаградава РАН: Калянчук Марыя Леанідаўна, доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі адукацыі; Савінаў Дзмітрый Міхайлавіч, доктар філалагічных навук, прафесар РАН; Чарнышова Маргарыта Іванаўна, доктар філалагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута рускай мовы ім. В. У. Вінаградава РАН; Ярмолава Марыя Вадзімаўна, кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута рускай мовы ім. В. У. Вінаградава РАН. Навуковыя дыскусіі адбыліся ў рамках выступленняў Сянкевіча Васіля Іванавіча, доктара філалагічных навук, прафесара, (БрДУ ім. А.С. Пушкіна) і Барковіча Аляксандра Аркадзьевіча, доктара філалагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ. Пленарные даклады былі прысвечаны разнастайным актуальным пытанням сучаснай лінгвістыкі і тычыліся праблемы сінхранічных і дыяхранічных даследаванняў, філасофіі мовы, лексікаграфічнай практыкі і сучаснага метамоўнага апісання мовы. Вялікую цікавасць выклікаў даклад Кулікова Сяргея Юр’евіча, кандыдата філалагічных навук, малодшага навуковага супрацоўніка БФУ ім. І. Канта (Калінінград), прысвечаны праблеме вялікіх моўных мадэляў.

У межах пасяджэння была арганізавана выстава кніг А. Я. Супруна.

Падчас канферэнцыі ажыццяўлялася праца дзвюх секцый:

1) Сучасныя даследаванні мовы: сістэмныя, сацыякультурныя і псіхалінгвістычныя аспекты;

2) Спецыфіка функцыянавання і тэндэнцыі развіцця славянскіх моў у зменлівым свеце.

У працы секцый прынялі ўдзел навукоўцы кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства, аспіранты і студэнты, у тым ліку замежныя (Кітай, Азербайджан), а таксама калегі з БДУ, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, ГрДУ ім. Я.Купалы.

Усяго ў канферэнцыі, якая праходзіла ў вочна-дыстанцыйным фармаце, прынялі ўдзел больш за 30 дакладчыкаў.

Па выніках канферэнцыі будзе апублікаваны і размешчаны ў электроннай бібліятэцы БДУ зборнік навуковых артыкулаў «Супруновские чтения – 2026. Язык: история и современность».

Image

Рэсурсы

Image
Image