Загадчык кафедры тэорыі літаратуры прафесар В.П. Рагойша сваё выступленне-успамін пра сябра і паплечніка па літаратуры пачаў з цытавання верша У. Караткевіча "На Беларусі Бог жыве...", падкрэсліўшы пры гэтым, што сацыяльна-маральны пафас твораў У. Караткевіча надзвычай высокі і служыць непарыўнасці духоўна-гістарычных сувязей сучаснасці і мінулага -таго мінулага, якое дае ўрок справядлівасці і высакародства, вернасці высокім ідэалам жыцця. У канцы свайго выступлення В.П. Рагойша прыгадаў той факт, што У. Караткевіч быў цесна звязаны з філалагічным факультэтам, цікавіўся пытаннямі навукі пра літаратуру, разумеў высокую місію беларускай літаратуры у фарміраванні грамадзянскага вобліку сучасніка, яе здольнасць непасрэдна ўводзіць чалавека ў духоўную і маральную атмасферу сучаснага яму грамадства.
Загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры прафесар Т. І. Шамякіна пазнаёміла прысутных з адказамі У. Караткевіча на пытанні анкеты, дасланай яму яшчэ ў сямідзясятыя гады ХХ стагоддзя, якія сёння пераканаўча сведчаць, што пісьменнік прыйшоў ў беларускую літаратуру з усведамленнем сваёй місіі -- як можна больш ведаць і расказаць пра Беларусь. Уласныя прызнанні пісьменніка, якія з"яўляюцца сёння каштоўным архіўным матэрыялам, выразна раскрываюць сапраўдную сутнасць папулярнасці творчасці У. Караткевіча, сведчаць аб выразнасці яго адносін да свету і бескампраміснай адданасці высокамаральным ідэалам жыцця.
У другой частцы ўрачыстай вечарыны, прысвечанай юбілею У. Караткевіча, выступілі ўдзельнікі мастацкага калектыву Белдзяржуніверсітэта "Тутэйшая шляхта", а таксама прагучала музычна-літаратурная кампазіцыя "На ўсё жыццё мне засталася песня...", у якой прынялі ўдзел прыхільнікі творчасці пісьменніка, студэнты філалагічнага і геаграфічнага факультэтаў, а таксама супрацоўнікі фундаментальнай бібліятэкі БДУ. На заканчэнні Ўрачыстай вечарыны адбыўся прагляд дакументальнай стужкі "Свет Караткевіча"(2010).


BY 
